У Мар’інай Горцы адбыўся злёт маладых спецыялістаў
Бухгалтар Анастасія Палякова (у цэнтры), эканамісты Марыя Швядок і Дар’я Логінава — у ліку дванаццаці маладых спецыялістаў, якія са жніўня пачалі свой працоўны шлях на ААТ “Машхарчпрад”. Дзяўчатам прыйшлося знаёміцца не толькі з прафесіяй і калегамі, але і з нашым горадам: Анастасія прыехала з Магілёва, Марыя — з Ельска, Дар’я — з Рагачова. Мар’іна Горка, па іх словах, утульны і камфортны горад для жыцця.
Якія перспектывы чакаюць моладзь у нашым раёне і як тут цікава можна правесці вольны час, — аб гэтым расказвалі на раённым злёце маладых спецыялістаў.
Наш раён сёлета стаў стартавай пляцоўкай для 237 маладых спецыялістаў. Найбольшая іх колькасць працуе ў сельскай гаспадарцы — 74. У сферы аховы здароўя — 31, у адукацыі — 44, у будаўнічай галіне —31, у прамысловасці — 54. Па шматгадовай традыцыі для ўчарашніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў кіраўніцтва раёна арганізавала злёт маладых спецыялістаў, які адбыўся ў раённым цэнтры культуры.
Намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Наталля Літвінчук і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Адамейка пажадалі ўсім прысутным поспехаў на першых працоўных месцах і выказалі надзею, што пасля размеркавання хлопцы і дзяўчаты застануцца ў нашым раёне.
Сустрэча праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу. На ўсе пытанні ўчарашнія студэнты атрымалі разгорнутыя адказы.
Што хвалюе маладых спецыялістаў? Магчымасць атрымання льготнага крэдыту і арэнднага жылля, сацыяльныя гарантыі з боку дзяржавы. Таксама моладзь пацікавілася, як фарміруецца кадравы рэзерв райвыканкама. Як адзначыў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Дзмітрый Губар, гэта сведчыць пра тое, што ў зале сабраліся перспектыўныя і мэтанакіраваныя маладыя людзі.
Хлопцы і дзяўчаты таксама цікавіліся, якія спартыўныя секцыі працуюць у нашым раёне, і як цікава і з карысцю тут можна правесці вольны час.
На другое пытанне ўдзельнікам злёту не толькі адказалі, але і прадэманстравалі адно з такіх месцаў: для моладзі арганізавалі экскурсію на ЗАТ “Струнныя тэхналогіі”.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.