У Мар’інай Горцы адбылося тэатралізаванае шэсце Дзедаў Марозаў, Снягурак і казачных персанажаў

Усе ведаюць, што сапраўдны Дзед Мароз адзін. І з’яўляецца ён толькі ў навагоднюю ноч. А да яе надыходу на  самых разнастайных мерапрыемствах віншаваць дзяцей і дарослых галоўнаму чарадзею дапамагаюць яго памочнікі,  якія штогод прымяраюць на сябе вобраз Дзеда Мароза і выконваюць яго святочныя абавязкі. У Мар’інай Горцы ўсе яны напярэдадні Новага года сабраліся разам, каб напомніць жыхарам горада, што самае вясёлае  свята года ўжо блізка.

Спачатку  дружнай камандай пад гукі духавога аркеcтра  Дзеды Марозы са сваімі ўнучкамі Снягуркамі і казачнымі героямі, што заўсёды іх суправаджаюць, прайшлі па вуліцы Ленінскай да галоўнай гарадской ёлкі, што ўзвышаецца на плошчы каля раённага цэнтра культуры. Там  іх віталі жыхары горада. І навагоднія казачнікі разам са сваімі памочнікамі адрасавалі ім свае віншаванні. Каманда Дзедаў Марозаў ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пажадала ўсім бяспечнага новага года, а прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы  — моцнага здароўя. Вясёлая кампанія з яслі-сада №2 горада Мар’іна Горка зачаравала  гледачоў сваім танцам. Па-сапраўднаму развесяліла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства віншаванне, што падрыхтаваў педагагічны калектыў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”. Шчырыя пажаданні міра і шчасця гараджанам прагучалі ад  каманд УП “Жылцепласэрвіс” КГ,  ААТ “Машхарчпрад”, РКБА, устаноў адукацыі і іншых.  Усе яны атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў святочнага парада Дзедаў Марозаў і падарункі ад арганізатараў.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *