У Мар’інай Горцы прайшла калядная сустрэча ветэранаў

Адной з добрых традыцый, якія склаліся ў нашым раёне, сталі штогадовыя калядныя сустрэчы ветэранаў, якія арганізуе раённы выканаўчы камітэт сумесна з саветам ветэранаў і іншымі грамадскімі арганізацыямі.  Нядаўна такое душэўнае навагодняе свята прайшло ў раённым цэнтры культуры, дзе  сабраліся ветэраны працы і заслужаныя людзі раёна.

Віншуючы іх з Новым годам і Ражджаством Хрыстовым, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова адзначыла, што Новы год — сямейнае свята, а ўсе прысутныя ў зале — вялікая дружная сям’я.  У кожнага за плячыма добрая працоўная біяграфія.  І кожны заслугоўвае асаблівай падзякі за тое, што працаваў на карысць Пухавіцкага раёна.  Наталля Анатольеўна пажадала ўсім добрага настрою ў новым годзе, шчасця, моцнага здароўя.

Тых, хто сабраўся на канцэртную праграму, прывіталі таксама старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Сабалеўская, ветэран Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Юрый Шапавалаў. Яны адзначылі, што раённая ветэранская арганізацыя аб’ядноўвае неабыякавых людзей, якія і сёння займаюць актыўную грамадскую пазіцыю.

Сустрэча прайшла ў фармаце сучаснай «Карнавальнай ночы» і атрымалася па-сапраўднаму навагодняй.  Добраму настрою спрыяла святочная праграма з музычнымі нумарамі ў выкананні работнікаў устаноў культуры раёна.

У ветэранаў у гэтым годзе была выдатная магчымасць пагутарыць адзін з адным пасля канцэрта падчас экскурсіі па ЗАТ «Струнныя тэхналогіі», дзе гасцей частавалі смачнай гарачай юшкай.

Алена ІВАНОВА.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *