У Мар’інай Горцы з’явіліся інфармацыйныя пункты турыстычнага  прасторавага арыентавання

У Мар’інай Горцы, на плошчы каля раённага цэнтра культуры і каля гандлёвага дома «ТриО» з’явіліся пакуль яшчэ ўнікальныя для нашага горада і раёна аб’екты — інфармацыйныя пункты турыстычнага  прасторавага арыентавання. Усталяваны яны дзякуючы асацыяцыі экспертаў і ацэншчыкаў маёмасці на транспарце, а калі дакладней, па ініцыятыве старшыні праўлення гэтай арганізацыі, нашага земляка Юрыя Важніка. Ён  таксама стаў аўтарам слогана, які характарызуе,  на яго думку, наш регіён: «Душа і сэрца краіны. Пухавіцкі раён — геаграфічны цэнтр Беларусі».

Супрацоўніцтва раённага выканаўчага камітэта, асацыяцыі экспертаў і Юрыя  Важніка пачалося  паўгода таму. І гэтага часу хапіла, каб некаторыя ідэі сталі рэальнасцю.

Юрый Пятровіч захапляецца краязнаўствам і выступае за развіццё турызму. Ён лічыць, што гэта можа прынесці вялікую карысць раёну. Але для таго, каб турызм развіваўся, людзі павінны ведаць, якія цікавыя ў гістарычным плане месцы ёсць у раёне, дзе падчас падарожжа можна спыніцца на начлег, пахарчавацца. Зыходзячы з гэтага, не толькі турыстычныя фірмы, але і проста грамадзяне могуць  пабудаваць маршруты свайго падарожжа.

Па словах Юрыя Пятровіча, на Пухавіччыне ёсць больш за 70 перспектыўных у плане развіцця турызму населеных пунктаў з цікавай гісторыяй. Усе яны нанесены на карту раёна, размешчаную на інфармацыйным  пункце турыстычнага прасторавага арыентавання. А яшчэ стваральнікі аб’екта нанеслі QR-коды інфармацыйных рэсурсаў, на якіх можна  знайсці артыкулы  аб Пухавіччыне і звесткі аб важных для турыстаў арганізацыях Мар’інай Горкі: гасцініцах, рэстаранах, банках, тэлефоны экстраных службаў.

Новыя аб’екты зацікавілі гараджан.

Каб у жыхароў і гасцей горада надоўга замацавалася меркаванне, што Пухавіччына — гэта сапраўды дзіўны край, размешчаны фотаздымкі прыгожых мясцін раёна. Стваральнікі гэтай канструкцыі прапануюць ацаніць тое, што адкрыў для сябе аўтар фотаздымкаў Дзмітрый Важнік.

На трэцяй грані інфармацыйнага пункта размешчаны звесткі  аб канкрэтным турыстычным маршруце, які прапануе жыхарам і гасцям горада сам Юрый Пятровіч: Дукора—Пухавічы—Блонь—Мар’іна Горка—знак «Цэнтр Беларусі». «Падарожжа сэнсавага турызму» — так ён называе наведванне гэтых месцаў. Маршрут ён прысвяціў святару, місіянеру, паэту эпохі позняга барока Юзафу Баку (1707 – 1780), які пэўны час жыў у Блоні. Юрый Важнік даследаваў жыццё гэтага цікавага чалавека і напісаў кнігу «Геній майго месца», фота і QR-код якой таксама размешчаны на стэндзе.

Па словах Юрыя Пятровіча, устаноўка двух інфармацыйных пунктаў турыстычнага прасторавага арыентавання — гэта толькі  пачатак сумеснай з раённым выканаўчым камітэтам працы. Жыхароў і гасцей Мар’інай Горкі чакаюць і іншыя прыемныя сюрпрызы. А пакуль новыя аб’екты будуць праходзіць тэст не толькі на цікавасць у жыхароў горада, але і на ўстойлівасць ад вандалаў. Гэта падарункі гораду. А  падарункі трэба берагчы.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *