У мастацкай галерэі  раённага краязнаўчага музея адбылася прэзентацыя кнігі нашага земляка

Юрый Важнік падпісвае кнігі для бібліятэк.

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 22 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі нашага земляка  Юрыя ВажнікаЮзаф Бака. Геній майго месца”. Напярэдадні гэтай падзеі падобнае мерапрыемства   прайшло ў мастацкай галерэі  раённага краязнаўчага музея.

Кніга,  якую прадставіў Юрый Пятровіч, не зусім звычайная. “Гэта — літаратурная мазаіка, якая складаецца з навуковых доследаў і наіўных расповядаў, энцыклапедычных артыкулаў і жывых вершаў даўняга часу, што ажываюць у сучасным перакладзе на беларускую мову, —  кніга, якая складаецца з геаграфічных карт  і малюнкаў, з успамінаў нашага сучасніка і расповядаў нашых продкаў…” — напісаў у прадмове да яе намеснік дырэктара па навуковай рабоце  філіяла  “Інстытут мова-знаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальная акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук Сяргей Гаранін. А яшчэ, па яго словах, гэта падарожжа па  гістарычным часе і яго сэнсах.

Першае, што патлумачыў Юрый Пятровіч падчас прэзентацыі,  — назву кнігі. Хто такія геніі? У рымскай міфалогіі гэта духі-захавальнікі, якія шмат на што ўплываюць у жыцці чалавека, у тым ліку і на атмасферу мясцовасці, да якой адносяцца. Юрый Пятровіч лічыць, што таленавітыя людзі, пакінуўшыя свой адбітак у гісторыі, аказваюць моцны духоўны і культурны ўплыў на лёс таго месца, дзе яны нарадзіліся, жылі, працавалі. Каб зразумець гэта, трэба паразважаць аб тым, напрыклад, як бы ўспрымалася Мар’іна Горка без Ігара Лучанка, Дукора без  Ашторпаў і  Васіля Гарбацэвіча, Дудзічы без Ельскіх, Пухавіччына без Коласа… Нам, канешне,  ёсць чым ганарыцца. Але  сувязь такіх асоб з нашымі мясцінамі надае Пухавіччыне нейкую асаблівую статуснасць у культуры і гісторыі. Гэта геніі нашага  месца.  Да  іх  адносіцца і Юзаф Бака — паэт, пра якога тут забыліся. А цяпер ён вярнуўся.

Падчас прэзентацыі Юрый Пятровіч расказаў, як асабіста  ў яго з’явілася цікаўнасць да лёсу  гэтага далёкага па часе, па мове, па веры чалавека. Неяк адзін яго добры сябра  запытаў, дзе пахаваны дзед Юрыя Пятровіча. Той  прызнаўся, што не ведае. Але пасля  гэтай размовы прыклаў шмат намаганняў, каб  даведацца.  У   ходзе  пошукаў з’явіўся інтарэс да асабістага радаводу і да мінулага    сваёй   малой  радзімы, сталі цікавіць самыя розныя пытанні: адкуль пайшло прозвішча “Важнік”, чаму рака Цітаўка так называецца… Стаў сур’ёзна займацца тапонімамі Пухавіччыны. Падчас пошукаў у літаратурных крыніцах  сустрэлася імя Юзафа Бакі, пра якога на Пухавіччыне ўжо амаль ніхто не  памятаў. Аказалася, што ён, хаця і жыў у  XVIII стагоддзі,  даволі вядомы ў сучаснай Польшчы паэт, на вершы якога і зараз ствараюць песні, прычым у самых разнастайных музычных жанрах, што Юрый Пятровіч і прадэманстраваў падчас прэзентацыі.

Усе здабытыя пра Юзафа Баку і яго час  звесткі  ператварыліся ў кнігу, якая  складаецца з трох частак. Першая з іх прысвечана  жыццю і дзейнасці   гэтага каталіцкага ксяндза, паэта, місіянера, доктара тэалогіі часоў позняга барока.

Ён нарадзіўся 18 сакавіка 1707 года ў заможнай шляхецкай сям’і, якая валодала землямі каля Лагойска. Уступіў у ордэн іезуітаў, скончыў Віленскую акадэмію, прыняў сан.  Калі яму споўнілася 32 гады,  прадаў дзве вёскі, якія атрымаў у спадчыну ад бацькі, дадаў яшчэ грошай і стварыў у сяле Блонь Ігуменскага павета  ўласную іезуіцкую місію, у якую ўваходзілі  касцёл Яна Францыска Рэгіса і невялікі кляштар. Знаходзілася яна на тым месцы, дзе зараз існуе Блонская школа. Учынак гэты быў незвычайны і стаў вядомым ва ўсёй Літве. А мясцовых жыхароў Бака здзіўляў сваёй гарачай набожнасцю. У Блоні ён пражыў з 1741 па 1757 год. Затым  на некаторы час пасяліўся ў Вільні, а памёр, па волі лёсу, у Варшаве 2 чэрвеня 1780 года.

Другая частка кнігі —  вершы паэта, якія Юрый Важнік сам пераклаў на беларускую мову. Юзаф Бака стварыў  паэтычны цыкл, які называецца “Увагі смерці няўхільнай”. У ім  пасланні, адрасаваныя прадстаўнікам самых розных сацыяльных груп: старым і маладым, панам, дамам, рыцарам, чужаземцам і патрыётам  Кароны Польскай і   Вялікага  Княства  Літоўскага. Смерць — складаная тэма для разважанняў. Але гэта тое, чым заканчваецца жыццё кожнага чалавека. Таму і пакідаць без увагі яе не варта.

Некалі вершы Юзафа Бакі  рассмяшылі сучаснікаў, і іх доўга лічылі сатырычнымі. А пасля прыйшоў час пераасэнсавання. І да творчасці Бакі пачалі  ставіцца больш сур’ёзна, нават пісаць прысвячэнні, аддаючы даніну павагі. “У гонар ксяндза Бакі”, — так называецца адзін з вершаў польскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1980 года Чэслава Мілаша.

Вывучэнне мясцовай тапанімікі, жыцця і творчасці Юзафа Бакі  цікавым чынам   пераплялося   і   дазволіла нарадзіцца ідэі стварыць турыстычны маршрут па Пухавіцкім раёне. “Добрая дарога з Бакам. Падарожжа сэнсавага турызму” — так называецца трэцяя частка кнігі, дзе Юрый Важнік прадстаўляе распрацаванае  ім па “Увагах” падарожжа.

Пачынаецца яно з Дукоры, дзе, зразумела “Панам увага. Увага дамам”. А затым “Увага чужаземцам”:  аўтар  паведамляе, што навокал Дукоры знаходзіцца  чацвёра  старажытных могілак, дзе знайшлі свой апошні прытулак людзі  розных нацый і канфесій.  Далей “Увага маладым”:  аўтар раіць завітаць на Мінскую ТЭЦ-5 і Мацярынскае  возера, дзе  нарадзілася сучасная легенда пра цмока,  які дыхае фантанамі.

А вось “Парада ўсім станам” —  гэта ўжо размова пра  Цітаўку, Пухавічы.  “Панам-дэсідэнтам” —  маёнтак  Бонч-Асмалоўскіх  у Блоні,   “Дворскай  моладзі” — маёнтак Макава ў Мар’інай Горцы,  “Увага аб вечнасці” —    размова  каля  геаграфічнага цэнтра Беларусі. Адным словам, на кожную Бакаву “Увагу”  свая кропка на карце раёна ад Дукоры да геаграфічнага цэнтра Беларусі. І ўсюды ёсць падставы паразмаўляць аб жыцці і смерці, як неад’емнай  яго часткі.   Дарэчы,   схему  гэтага  маршрута можна пабачыць на інфармацыйных стэндах, што ўсталяваны ў Мар’інай  Горцы  пры падтрымцы Юрыя Пятровіча Важніка.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *