У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея адкрылася выстава “Свет абразоў”

“Свет абразоў”  — так называецца выстава работ Ядвігі Сянько, якая адкрылася ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Нашы землякі, якія па-сапраўднаму цікавяцца мастацтвам, маюць магчымасць у чарговы раз далучыцца да творчасці таленавітай мастачкі з Маладзечна.  Яе супрацоўніцтва з нашым краязнаўчым музеем доўжыцца ўжо амаль дзесяць гадоў, і выставы работ кожны  раз выклікаюць цікаўнасць. На гэтую сустрэчу з мастачкай прыйшлі работнікі і ветэраны сістэмы адукацыі, работнікі культуры, члены ветэранскай арганізацыі горада. Мабыць, таму, што яшчэ працягваюцца дні, напоўненыя святлом Нараджэння Хрыстова, размова атрымалася не толькі пра мастацтва, але і пра гісторыю духоўнасці на нашых землях.

Дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч нагадаў, што да 1917 года на Пухавіччыне дзейнічалі 28 праваслаўных храмаў. К 90-м гадам ХХ стагоддзя засталася толькі адна царква — Святой Тройцы ў Блоні. Большасць цэркваў была разбурана яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. У тым ліку ў 1940 годзе перастаў існаваць храм на Мар’інагорскіх могілках, які быў пабудаваны разам з сельскагаспадарчай школай. Мы добра ведаем, што  ўзведзены сабор быў дзякуючы намаганням Льва Макава, Восіпа Бонч-Асмалоўскага, Фамы Русецкага. А вось тое,  што сярод  фундатараў быў і Эдвард Вайніловіч, які большасць сваіх сродкаў ахвяраваў на будаўніц-тва касцёла Святога Сімеона і Святой Алены ў Мінску, мала хто чуў. Цікава даведацца аб гэтым было яшчэ і таму, што сёння абразы, напісаныя Ядвігай Сянько, знаходзяцца ў алтары Чырвонага касцёла. Яна таксама стварыла партрэт Эдварда Вайніловіча.

У гады Вялікай Айчыннай вайны храмы дзейнічалі ў вёсках Вузляны, Парэчча, Блужа. Разбураны яны былі ўжо ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Дарэчы, сам Аляксандр Аляксандравіч добра памятае, як руйнавалі царкву ў Блужы.

На тэрыторыі раёна дзейнічала некалькі касцёлаў. Самы старажытны з іх знаходзіўся ў Блоні. Пабудаваны ён быў у 18 стагоддзі, а зруйнаваны ў красавіку 1944 года. Да 1926 года існаваў касцёл на  Сарафінавай гары каля вёскі  Суцін.

Пасля ўсталявання савецкай улады разбураліся храмы, гінулі святары. А вернікі ратавалі абразы. Яны і сёння захоўваюцца  ў  некаторых сем’ях пухавіччан. Час ад часу сённяшнія ўладальнікі  іх прыносяць у раённы краязнаўчы музей, але, як удакладніў Аляксандр Аляксандравіч, часцей не для таго, каб папоўніць яго калекцыю, а для таго, каб пацікавіцца, колькі яны каштуюць.

Нягледзячы на гэта, старажытныя абразы ёсць і ў  экспазіцыі мастацкай галерэі. Нават такія, якім каля двухсот гадоў. Іх Аляксандр Прановіч паказаў удзель-нікам мерапрыемства. І ўдакладніў, што на выставе, якую прадставіла Ядвіга Сянько,  таксама немала спісаў, якія дзякуючы прымяненню  спецыяльнай тэхналогіі напісання, выглядаюць як старажытныя. Сама мастачка расказала, што спецыяльна падбірала для гэтай экспазіцыі такія работы.  У іх ліку і спіс  з іконы Маці Божай Мар’інагорскай. Гэтую работу наш музей плануе набыць.

Аляксандр Прановіч падзякаваў Ядвізе Сянько за супрацоў-ніцтва з Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеем і ўручыў ёй грамату. Шчырую падзяку мастачка пачула ад намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Бародзька, старшыні раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Шавель. Удзельнікі сустрэчы задалі нямала пытанняў, на якія мастачка падрабязна адказала.

Выстава будзе працаваць да 30 студзеня.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *