У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея працуе выстава работ Аляксандра Грэся
“Чым не цуд беларускае Палессе?” — так называецца выстава майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандра Грэся, якая працуе ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. На ёй прадстаўлены вырабы з саломкі, лазы, жывапісныя работы мастака, якія наведвальнікам шмат раскажуць пра самабытны беларускі рэгіён.
Аляксандр Яфімавіч Грэсь нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Брагін на Гомельшчыне. Скончыў політэхнічны інстытут у Мінску (зараз Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), працаваў інжынерам-канструктарам на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова. Але так склалася жыццё, што ў яго душы фізік і лірык заўсёды існавалі побач. У творчасці сапраўды ёсць розныя дарогі. Галоўнае — іх знайсці, як знайшоў Аляксандр Грэсь.
Як прызнаўся падчас размовы Аляксандр Яфімавіч, сваёй цікаўнасцю да традыцыйнага мастацтва ён абавязаны бацьку Яфіму Сямёнавічу — народнаму майстру мастацкага фонду Беларусі. Менавіта ён стаў для сына першым настаўнікам.
Яфім Сямёнавіч умеў сплесці і капялюш з саломы, і кошык з лазы. Гэта ў часы яго маладосці не лічылася нечым незвычайным, бо такое майстэрства было распаўсюджана сярод вясковых жыхароў у першай палове мінулага стагоддзя. Але склалася так, што менавіта гэтыя ўменні ў ваенныя часы дапамаглі выжыць у нямецкім палоне. Як расказаў Аляксандр Яфімавіч, у 1939 годзе яго бацьку прызвалі ў Чырвоную Армію. Яму давялося ўдзельнічаць у савецка-фінскай вайне, затым у Вялікай Айчыннай. У час баёў пад Нарвай Яфім Сямёнавіч трапіў у палон. Некалькі разоў спрабаваў уцячы, але яго лавілі і ў выніку адправілі ў Германію. Там, каб падтрымаць дух, ён пастаянна нешта плёў з саломы, на якой спаў. І яму пашчасціла выжыць.
Вярнуўшыся дадому, Яфім Сямёнавіч пра саломапляценне не забыўся. А сын круціўся побач, пераймаў бацькоўскія прыёмы работы і з саломай, і з лазой.
А пазней высветлілася, што і схільнасць да малявання ў Грэся-малодшага ёсць. Нават думкі аб тым, каб зрабіць мастацтва сваёй прафесіяй, у Аляксандра з’яўляліся. Але не склалася, і ён стаў інжынерам.
Нездарма кажуць, што ў фізікаў, якія маюць схільнасць да лірыкі, асаблівы падыход да прафесіі. Вось і Аляксандр Яфімавіч не толькі працаваў, але і займаўся тэхнічнымі распрацоўкамі, нават мае патэнты на вынаходніцтвы.
Не пакідаў ён і мастацкую творчасць, у якой дасягнуў значных поспехаў. Сведчаннем гэтага, напрыклад, той факт, што менавіта яму было даручана аформіць саломкай інтэр’ер пакоя музея Максіма Багдановіча ў Мінску.
З 1979 года Аляксандр Яфімавіч прымае ўдзел у выставах. Іх геаграфія ўключае ў сябе не толькі беларускія гарады: работы майстра выстаўляліся ў Вашынгтоне і Парыжы, у брытанскіх гарадах Брыстоль і Бат, нямецкіх Гановеры, Брайзахе і Дрэздэне, польскай Познані, у іспанскім горадзе Галела і расійскім Калінінградзе. І гэта толькі месцы, дзе праходзілі персанальныя выставы.
Зараз з творчасцю майстра могуць пазнаёміцца жыхары Мар’інай Горкі і раёна. У час адкрыцця выставы, на якой прысутнічалі работнікі культуры, члены ветэранскай арганізацыі горада, аматары мастацтва, Аляксандр Яфімавіч шмат цікавага расказаў пра свае творчыя сакрэты. Напрыклад, пра тое, што салому для сваіх работ ён вырошчвае на сваёй сядзібе і жне сярпом, бо зрэзаная камбайнам для работы не падыходзіць. Лазу майстры не фарбуюць: яе колер залежыць ад месца, дзе яна расце. Як расказаў Аляксандр Яфімавіч, у Беларусі можна сустрэць каля 300 яе адценняў.
У жывапісе ён аддае перавагу такому жанру, як пейзаж. На карцінах мастака адлюстраваны любімыя мясціны, дзе ён любіць рыбачыць, збіраць грыбы. Ёсць і боль, што пакінула ў душы катастрофа на Чарнобыльскай АЭС: Аляксандру Яфімавічу давялося прымаць удзел у ліквідацыі яе наступстваў. І яна назаўсёды змяніла лёс яго малой радзімы. На адной з карцін полымя, што было відаць над лесам, калі ўзарваўся энергаблок, на другой — апусцелыя хаты.
Любоў да творчасці ад Аляксандра Яфімавіча перадалася і да яго жонкі Галіны Сцяпанаўны, якая таксама з захапленнем займаецца саломапляценнем. Яна робіць невялікія вытанчаныя фігуркі, якія нярэдка дапаўняюць вырабы Аляксандра Яфімавіча. Вось такі творчы сямейны ланцужок атрымаўся: ад бацькі да сына, а потым да нявесткі.
Выстава творчых работ Аляксандра Грэся ў мастацкай галерэі будзе працаваць да канца верасня.
Наталля ПАРХОМЧЫК.