У медустановы раёна закуплена новае абсталяванне
Прэсатэрапія (пнеўма-масаж, кампрэсійны масаж) з новага года стане даступна для лячэння пухавіччан: прафесійны апарат «Лімфамат» закуплены і ўстаноўлены ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні раённай бальніцы.
— Раней такой фізіятэрапеўтычнай працэдуры як лімфамат у нас не было, — расказвае галоўны ўрач УЗ “Мар’інагорская ЦРБ” Людміла Жарынава. — Між іншым, яна паказана пры некаторых захворваннях і з’яўляецца дастаткова эфектыўнай. Працэдура пнеўмакампрэсійнай тэрапіі дазваляе зняць вянозны ціск, цяжар, боль, стомленасць мышцаў, ацёкі. Дзякуючы тэрапіі паляпшаецца цыркуляцыя крыві, актывізуецца лімфатычная сістэма, ствараецца перашкода да трафічных расстройстваў канечнасцяў, аднаўляюцца сасуды, павышаецца рухомасць суставаў.
У бліжэйшыя дні ўрачы змогуць выпісваць пацыентам накіраванне на лімфамат. Зрэшты, як і на другія фізіятэрапеўтычныя працэдуры, для выканання якіх і было закуплена сучаснае прафесійнае абсталяванне. Некаторае стала заменай старому абсталяванню, а некаторае — зусім новым вопытам для ўрачоў-фізіятэрапеўтаў.
Ва ўстановы аховы здароўя раёна ўжо адпраўлены і адпраўляюцца апараты для магніта-, святло-, ультрагукавой і квантавай тэрапіі. Апарат «Біяптрон», напрыклад, раней быў толькі ў цэнтральнай паліклініцы, а зараз будзе і ў паліклініцы №1 у Новай Зары. Ён выкарыстоўваецца пры лячэнні хранічных хвароб дыхальных шляхоў, у тым ліку лёгкіх і бронхаў, таму падчас росту сезонных захворванняў “прастойваць” дакладна не будзе.
— Новае абсталяванне ў бальніцу закупляецца штогод, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. — Але ў перыяд пандэміі мы ў асноўным набывалі тое, што было неабходна ў тым становішчы: апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, рэцыркулятары для абеззаражання паветра і іншыя. Цяпер у планавым парадку закупілі медыцынскае абсталяванне для фізіятэрапеўтычных аддзяленняў і не толькі.
Алена МАКСІМАВА.