У ПСУ «Рудзенскае» атрымалі добры ўраджай цукровых буракоў
У сельгасарганізацыях раёна ідзе ўборка з палёў цукровых буракоў. Гэтую культуру вырошчвалі ў ААТ «Агра-Абярэг», «Зазерка», «Ражджэственскае-Агра», ПЗ «Індустрыя», «Пухавіцкі райаграсэрвіс», СГФ «Дрычын», ПСУ «Рудзенскае». Самую вялікую плошчу — 260 гектараў — адвялі пад буракі ў племянным заводзе «Індустрыя». У ААТ «Агра-Абярэг» салодкую культуру вырошчвалі на плошчы 200 гектараў.
Адзін з самых багатых ураджаяў цукровых буракоў атрымліваюць у ПСУ «Рудзенскае»: з кожнага гектара 560 цэнтнераў.
— Мы вырошчвалі ў гэтым годзе цукровыя буракі на 100 гектарах, — расказвае галоўны аграном ПСУ «Рудзенскае» Андрэй Баранаў. — Пасеялі высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб, з высокім утрыманнем цукру французскія гатункі «мілорд» і «бернаш». Каб атрымаць багаты ўраджай, правялі ўсе неабходныя агратэхнічныя мерапрыемствы: тройчы зрабілі хімпраполку, два разы — падкормку і, вядома, апрацоўку ад хвароб.
Убіралі ўраджай з поля тэхнікай ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат». Буракаўборачныя камбайны нямецкай вытворчасці працавалі круглыя суткі. Сабрана амаль 6 тысяч тон буракоў з вялікім утрыманнем цукру (15,75 працэнта). Рэалізавалі іх на Слуцкі цукроварафінадны камбінат.
— Мы і ў наступным годзе плануем пасеяць цукровыя буракі, — кажа Андрэй Анатольевіч. — Культура гэтая хаця і патрабавальная, але ўраджайная і вельмі прыбытковая.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.