У Пухавіцкім раёне прайшоў “Кірмаш вакансій”

У аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва ў рамках адзінага дня занятасці прайшоўКірмаш вакансійз удзелам непрацуючых грамадзян, у тым ліку з групай інваліднасці, якія стаяць на ўліку ў аддзеле, а таксама прадстаўнікоў  прадпрыемстваў і арганізацый.

На дадзены момант у аддзеле занятасці зарэгістравана 113 беспрацоўных. Узровень беспрацоўя ў раёне складае 0,44 працэнта. Ёсць  687 вакансій  (360 — па  рабочых спецыяльнасцях). Прэтэндаваць на іх, праўда, сабралася не вельмі вялікая колькасць грамадзян.

Усім прысутным начальнік аддзела занятасці Наталля Лісоўская агучыла інфармацыю аб тым, якія паслугі можа аказваць  аддзел занятасці людзям, што жадаюць знайсці працу па сваёй спецыяльнасці ці без яе. Аддзел, перш за ўсё, выдае накіраванні  на  бясплатнае навучанне ці перанавучанне на запатрабаваныя спецыяльнасці, у тым ліку па просьбе прадпрыемстваў. Праезд на вучобу аплачваецца. Акрамя таго, выплачваецца стыпендыя. Жадаючыя могуць атрымаць спецыяльнасці повара, прадаўца, сакратара, слесара, сантэхніка, электрыка, вадзіцеля пагрузчыка і іншыя. З другога паўгоддзя пералік спецыяльнасцяў пашырыцца. Можна будзе нават вывучыцца на машыніста метрапалітэна. Галоўнае, каб было  жаданне.

Тыя, у каго яно было, змаглі ў асабістай гутарцы з прадстаўнікамі працадаўцаў высветліць умовы прыёму на працу. Вакансіі ў гэты дзень прапаноўвалі СХФ  «Чырвоны май», ААТ «Пухавіцкі доследна-эксперыментальны  завод», СТАА «Марозпрадукт», філіял «ДРБУ-169», Мар’інагорскі   завод   жалезабетонных   вырабаў,  ТАА «МПМК-14»,  прадпрыемства па пашыве мяккай цацкі «Чароўны востраў», ААТ «Еўрагандаль». У асноўным гэта былі вакансіі рабочых спецыяльнасцяў. У  тым  ліку  сезонныя. У некаторых   калектывах  прапануюць беспрацоўным прайсці навучанне на месцы.

Калі ж сярод беспрацоўных грамадзян ёсць тыя, хто жадае адкрыць уласную справу, то і тут аддзел занятасці можа быць карысным. Ужо не першы год такім грамадзянам аказваецца бязвыплатная дапамога. Неабходна прайсці навучанне на курсах па прадпрымальніцтве, скласці бізнес-план і атрымаць адабрэнне экспертнай камісіі. На ўсіх этапах чалавека, які шчыра хоча працаваць і зарабляць, будуць суправаджаць работнікі аддзела і іншыя  кампетэнтныя спецыялісты, якія гатовы  аказаць кандыдатам  любую дапамогу  ў  працаўладкаванні.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *