У Пухавіцкім раёне правялі маніторынг малочнатаварных ферм

Напрыканцы мінулага тыдня на ўсіх малочнатаварных фермах нашага раёна пабывалі рэйдавыя групы з прадстаўнікоў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама. Вынікі маніторынгу былі падведзены на калегіі, якая прайшла на базе Пухавіцкага райвыканкама.

Узначаліў калегію старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні  аблвыканкама  Сяргей  Ляўковіч. Вынікі работы галіны  жывёлагадоўлі  за 10 месяцаў у Пухавіцкім  раёне таксама падводзілі намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Капусцін і генеральны дырэктар РУСП “Мінскае племпрадпрыемства” Руслан Беразавік. На калегіі  прысутнічалі выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Аляксандр Ласевіч, спецыялісты па жывёлагадоўлі райсельгасхарчу, дырэктары  ветэрынарнай і племянной станцый раёна, кіраўнікі сельгасарганізацый.

Тэхналогіі   вытворчасці жывёлаводчай   прадукцыі, кармленне   і   ўтрыманне жывёлы,   павышэнне   сярэднясутачных  прываг  і  надояў малака — на гэтыя пытанні рэйдавыя групы звярталі асаблівую ўвагу. Сельгасарганізацыям раёна трэба папрацаваць над якасцю малака. Большасць гаспадарак здаюць  малако вышэйшым гатункам.  Трэба імкнуцца да  больш  прыбытковага гатунку “экстра”.

У некаторых гаспадарках засталіся праблемы, якія тычацца расцёлаў. Важнае правіла пра тое, наколькі важна выпаіць цялят малозівам у першую гадзіну жыцця, на фермах ведаюць, але не ўсюды яго выконваюць.

Падчас калегіі прадстаўнікі  аблвыканкама закранулі пытанне пра санітарны стан жывёлаводчых аб’ектаў.  Аб графіку санітарных дзён і паняцці “чысты чацвер” ведаюць на ўсіх фермах, але не ўсюды ставяцца да яго адказна.

Па выніках калегіі былі выданы прадпісанні. Асноўныя заўвагі тычацца рамонту кормараздатчыкаў,  захаванасці    маладняку  і  арганізацыі работы па штучным асемяненні жывёлы.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *