У райкаме прафсаюза работнікаў АПК павіншавалі жанчын з Днём маці

Анастасія Арахоўская, Алена Колас, Ірына Ананіч.

Кветкі, падарункі і, безумоўна, самыя шчырыя пажаданні…  Так на гэтым тыдні віншавалі матуль у райкаме прафсаюза работнікаў АПК і ва ўсіх яго пярвічных арганізацыях.

Асаблівая ўвагажанчынам, якія выхоўваюць траіх і болей дзетак. У сферы аграпрамысловага комплексу такіх працуе больш за сто чалавек.

Напярэдадні святочнага дня старшыня райкама Анастасія Арахоўская і старшыня прафкама Ірына Ананіч  павіншавалі шматдзетных жанчын, якія працуюць у ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.

Алена Колас, як звычайна, на МТФ “Сінча” заканчвала  ранішную  дойку,  калі  да  яе  завітала  госця. Кветкі,  цёплыя  словы  — і  на  вуснах Алены  Ігараўны  з’яўляецца   ўсмешка.

— Вельмі прыемна, што дзень пачаўся  з такога прыемнага сюрпрызу, — кажа Алена Колас. — Дзеці ў мяне — пагодкі. Карыне — пятнаццаць. Дзіяне і Дзіму хутка споўніцца трынаццаць і дванаццаць гадоў адпаведна. Раней з-за невялікай розніцы ва ўзросце з імі было цяжка. Цяпер яны дарослыя і шмат у чым мне дапамагаюць.

Дзеці паспяхова вучацца ў Дубраўскай сярэдняй школе.  Алена  Колас пры-знаецца, што правесці вольны час з сям’ёй у яе атрымліваецца толькі на выхадных. У будні шмат сіл забірае праца. На ферму ў  Сінчу двойчы на дзень жанчына прыязджае з Омельна. Аднак ва ўсіх хатніх клопатах  Алена Ігараўна заўсёды можа разлічваць на дапамогу старэйшай дачкі.

У жывёлавода Таццяны Хурс, якая даглядае цялят на ферме ў Омельна, таксама трое дзяцей. Аднак сваю сям’ю яна шматдзетнай не лічыць: жанчына выхоўвалася  з  двума  братамі  і  пяццю  сёстрамі.

Таццяна Хурс.

— Старэйшы сын Глеб заканчвае дзевяць класаў і плануе атрымаць прафесію рэзчыка па дрэве, — расказвае пра дзяцей Таццяна Іванаўна. — Дзесяцігадовая Паліна пра будучыню пакуль не разважае. Малодшай Алесі — пяць гадоў. Лепшы сумесны адпачынак для нашай сям’і — прагулкі на прыродзе.

…Нечаканы званок перапыніў  хатнія   клопаты   Алены Ясько і  Марыны Новік, якія працуюць на ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”.  Яны  выхоўваюць па трое дзетак і  цяпер знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Прыезд Анастасіі Арахоўскай у інтэрнат, дзе жывуць жанчыны, быў для іх нечаканым, а таму яшчэ больш прыемным.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Марына Новік і Алена Ясько.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *