У раёне пачалася ўборка кукурузы на зерне

Першымі ў раёне пачалі ўборку кукурузы на зерне ў сельскагаспадарчым  унітарным  прадпрыемстве «Дукора-Агра». Для яе ў гаспадарцы  адвялі  250  гектараў.

Вырошчвалі  кукурузу  на  зерне не толькі на дукорскіх палях, але і на землях ААТ «Суцінскі». Тут яна займае 50 гектараў.

І першыя гектары культуры, якія ўбіраў Павел Абакунчык на камбайне «Лексіён-560», паказалі, што кукуруза на зерне яшчэ недастаткова выспела, таму вырашылі  ўзяць  невялікую паўзу. Да таго ж, убіраць яе неабходна пры сухім  надвор’і.

Праз пару дзён да ўборкі кукурузы на зерне прыступіць яшчэ адзін механізатар — Сяргей  Піталенка, які будзе працаваць на  камбайне КЗС-1218.

— Ураджаем кукурузы на зерне  мы  пакуль  не  зусім  задаволены, — адзначае галоўны аграном СУП  «Дукора-Агра» Сяргей   Ракуцька. — Атрымліваем з суцінскіх палёў па 60 цэнтнераў збожжа з гектара. На невялікі ўраджай  шмат  у  чым паўплывала надвор’е. Мы рана пасеялі «каралеву палёў», а яна, як вядома, культура цеплалюбівая, і дзе-нідзе ўсходы сапсавалі вясновыя  замаразкі.

Усяго ў сельгасарганізацыі   неабходна сабраць каля тысячы тон збожжа. 500 плануюць сплюшчыць, а астатняе выкарыстаць для патрэб жывёлагадоўлі: на  камбікорм і муку.

Вялікія надзеі вяскоўцы ўскладаюць на дукорскія палі, на якіх  у мінулым  годзе атрымалі каля 80 цэнтнераў кукурузы з гектара. Плануюць і ў гэтым сабраць не менш.

Анастасія   ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *