У раёне выбралі лепшага тэхніка-асемянатара
Конкурс прафесійнага майстэрства прайшоў у Мар’інай Горцы на базе цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Тэхнікі-асемянатары рашалі тэарэтычныя і практычныя заданні. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся вынікі працы спецыялістаў за мінулы год: у ведамасці насупраць кожнага прозвішча быў паказаны выхад цялятаў на 100 кароў. Вось і атрымліваецца, што асноўная практычная частка конкурсу доўжыцца цэлы каляндарны год.
Тэхнікі-асемянатары розных узростаў і з розным вопытам прадстаўлялі сельгаспрадпрыемствы раёна. Таццяна Дзівіцкая з ААТ “Агра-Абярэг” — самы вопытны ўдзельнік конкурсу. Тэхнікам-асемянатарам яна працуе дваццаць гадоў. Неаднаразова займала лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў раёне, але ў вобласці і ў рэспубліцы. На конкурсе заняла трэцяе месца.
— Я абслугоўваю МТФ “Дудзічы-1” і тры фермы на МТФ “Дудзічы-2”. Пагалоўе вялікае: 840 кароў і 150 цёлак, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна.
Сёмы раз у такім конкурсе прымала ўдзел Ірына Сімаковіч з ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. На гэтым прафесійным спаборніцтве спецыяліст атрымала дыплом за другое месца.
У жывёлагадоўлю Ірына Іванаўна прыйшла выпадкова з іншай сферы. Аднак ужо набыла добры вопыт. Выхад цялят на сто кароў у Ірыны Сімаковіч за мінулы год склаў 89,6 працэнта.
— Хочацца дабіцца яшчэ лепшых вынікаў, — гаворыць Ірына Сімаковіч, якая абслугоўвае малочнатаварныя фермы “Пухавічы” і “Зацітава Слабада”.
У конкурсе ўдзельнічалі і трое мужчын. Першае месца заслужана атрымаў Сяргей Цішкін з ААТ “Агра-Абярэг”.
Агульны стаж працы ў галіне жывёлагадоўлі ў Сяргея Мікалаевіча складае дваццаць гадоў. Спачатку ён працаваў галоўным заатэхнікам. Апошнія чатыры гады адказвае за ўзнаўленне статку на малочнатаварных фермах “Наваполле”, “Бахаравічы” і “Грабень”, дзе ўтрымліваецца 406 кароў і 350 цёлак.
Пераможцаў і прызёраў павіншаваў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Ярашэнка. Ён падкрэсліў, што праца тэхнікаў-асемянатараў значна ўплывае на эканоміку сельгаспрадпрыемстваў.
Спецыяльным падарункам журы адзначыла Вольгу Фіневіч з ААТ “Аграсімвал”. У мінулым годзе Вольга Уладзіміраўна заняла другое месца.
— Відаць, што ўсе ўдзельнікі рыхтаваліся да конкурсу, — адзначыла член журы, галоўны заатэхнік Пухавіцкай рай-племстанцыі Антаніна Коўцік. — Парадавалі і нашы маладыя спецыялісты: Наталля Давыдоўская, якая з сакавіка працуе на ферме “Слабада” ААТ “Ражджэственскае-агра”, Любоў Сітнік з сельгасфіліяла “Светлая ніва”, якая толькі чатыры месяцы працуе тэхнікам-асемянатарам.
Наталля Давыдоўская і Любоў Сітнік атрымалі памятныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.