У раёне завяршаецца сяўба азімага рапсу
На адным полі працуюць збожжаўборачныя камбайны, на суседнім — пасяўныя агрэгаты. Такую карціну масава можна было назіраць у гаспадарках раёна з сярэдзіны жніўня. Земляробам прыйшлося няпроста, аднак з пастаўленымі задачамі яны справіліся. Сяўба азімага рапсу ў раёне набліжаецца да фінішу.
Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, сельгаспрадпрыемствам трэба пасеяць 4800 гектараў азімага рапсу. З гэтым планам яны справіліся на 93 працэнты. Цалкам гэтую алейную культуру пасеялі ў ААТ “Голацк”, “Аграсімвал”, “Ражджэственскае-Агра”, “Шацк”, СУП “Дукора-Агра”, ПСУ “Рудзенскае”, сельгасфіліяле “Светлая ніва”.
У ЭБ “Зазер’е” таксама працуе пасяўны агрэгат. Рапс неабходна пасеяць на 350 гектарах. Гэта на 30 гектараў больш, чым у мінулым годзе.
— Ужо засеяна больш за семдзесят працэнтаў ад плошчы, — расказвае галоўны аграном ЭБ “Зазер’е” Васіль Крывалевіч. — Сеем і гібрыды, і сваё насенне. У нас не самыя высокія тэмпы сяўбы з-за недахопу кадраў. Усе чатыры механізатары, якія кіруюць энерганасычанымі трактарамі, былі задзейнічаны на ўборцы збожжавых культур. Час ад часу Уладзімір Сарнацкі, які, дарэчы, стаў тысячнікам жніва, выязджаў на поле з сеялкай. Падмяняў яго Валерый Каверчык, які камандзіраваны да нас з навукова-практычнага цэнтра Нацыянальный акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэты ж механізатар дапамагаў нашаму Георгію Вітушку рыхтаваць глебу.
Яшчэ адзін тысячнік жніва — Сяргей Карэлы — з камбайна перасеў на трактар з плугамі. Ён заараў глебу пад азімы рапс і свірэпіцу. Праца працягваецца: вядзецца ворыва пад азімыя збожжавыя культуры.
Па словах галоўнага агранома, азімы рапс — рэнтабельная культура. Сёлета яе ўраджайнасць склала 22 цэнтнеры з гектара. Перазімаваў рапс добра, аднак засушлівы май не прайшоў бясследна. Былі ў гаспадарцы цяжкасці з удабрэннямі. Сёлета гэтую праблему прадугледзелі: калійныя і фосфарныя ўдабрэнні ўнёс Валерый Савіч.
На гэтым тыдні з сяўбой азімага рапсу зазер’еўскія земляробы плануюць справіцца. Восенню па зялёных усходах правядуць хімпраполку. Гэта важны складнік у атрыманні высокага ўраджаю, бо на гэтую культуру апошнім часам нападае шмат шкоднікаў.
Ужо ў верасні на палетках раёна пачнецца сяўба азімых збожжавых культур. Земляробы будуць закладваць аснову ўраджаю 2021 года.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.