У раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” падвялі вынікі работы і выбралі новага лідара

У раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”  — новы лідар. Яе ўзначаліла Ганна Скорая, якая працуе  начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Такое рашэнне было прынята на справаздачна-выбарчай канферэнцыі  раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая адбылася на мінулым тыдні.

 

“Белая Русь”  — адна з самых уплывовых рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый. У нашым раёне яе членамі з’яўляюцца 762 чалавекі, якія працуюць у сферах адукацыі, аховы здароўя, культуры і іншых. Аб’яднаны яны ў 78 першасных арганізацый.  Аб гэтым паведаміла ў сваім дакладзе Людміла Сарнова, якая на працягу справаздачнага перыяду ўзначальвала раённую арганізацыйную структуру.  Яна таксама расказала  аб напрамках работы  і справах, арганізатарамі і ўдзельнікамі якіх былі члены арганізацыі. У спісе нямала цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку і сумесных з іншымі грамадскімі арганізацыямі раёна. Кропкі сутыкнення ў “Белай Русі” ёсць і з раённымі структурамі піянерскай і  ветэранскай арганізацый , “БРСМ”, “Беларускага саюза жанчын”, прафсаюзамі. Іх аб’ядноўваюць агульныя прыярытэты, галоўныя з якіх —  дзяржаўнасць і патрыятызм.

Дэлегаты канферэнцыі падвялі вынікі  работы  за  справаздачны  перыяд і абмеркавалі задачы на будучае.

Пасля канферэнцыі з некаторымі яе ўдзельнікамі мы  паразмаўлялі пра перспектывы арганізацыі, аб тым, чым яна прываблівае людзей.

Таццяна Гур’ева,

 старшыня Мінскай абласной арганізацыі  РГА “Белая Русь”:

— Зараз даволі часта падымаецца пытанне, ці стане наша арганізацыя  палітычнай партыей? Хачу падкрэсліць, што “Белая Русь” застанецца грамадскай структурай.  Яна будзе выконваць тыя ж функцыі, што і выконвае зараз.  “Белая Русь” аб’ядноўвае людзей  з актыўнай грамадзянскай  пазіцыяй,  якія імкнуцца рабіць добрыя справы і для сваёй краіны, і для свайго горада, і для сваёй вёскі. І разам у нас атрымліваецца  здзейсніць тое, што цяжка зрабіць аднаму.

Ганна Скорая,

старшыня раённай арганізацыі

РГА  “Белая Русь”:

— Нашай раённай структуры ў першую чаргу неабходна павялічыць свае рады. Я упэўнена, што ў рэгіёне ёсць нямала людзей, якія прытрымліваюцца дзяржаўнай пазіцыі і хацелі б стаць членамі РГА “Белая Русь”.  Я бы хацела зрабіць  упор на ўзаемадзеянне  з  моладдзю. Бо маладыя людзі — гэта  менавіта тыя, хто будзе весці арганізацыю ўперад.

Аксана Брывач,

старшыня першаснай арганізацыі  сярэдняй школы №4  горада  Мар’іна Горка:

— Мне ўвесь час хочацца нешта рабіць. Мабыць, таму я не толькі з’яўляюся членам  “Белай  Русі”, але  працую і з піянерскай арганізацыяй, і з валанцёрамі  “Чырвонага Крыжа”, з БРСМ. Ва ўсіх гэтых арганізацыях шмат агульнага. Калі нешта робіць піянерская арганізацыя — падключаецца БРСМ. З моладдзю побач і “Белая Русь”. І гэта добра, бо так забяспечваецца пераемнасць. Напрыклад, у нашай школе ёсць маладыя настаўнікі, якія з’яўляюцца адначасова  членамі і БРСМ, і “Белай Русі”.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *