У сельгасарганізацыях раёна прыступілі да ўзняцця зябліва

Сяргей Ніпарка.

У сельгасарганізацыях раёна прыступілі да яшчэ адной не менш важнай працы — узняцця зябліва. Бо,  як вядома, своечасовая зяблевая апрацоўка глебы — адна з умоў добрага ўраджаю ў наступным годзе. 

У ААТ  «Ражджэственскае-агра» да гэтых работ прыступілі ў канцы верасня. Усяго неабходна заараць пад зіму 1350 гектараў.

— Пакуль зябліва ўздымае адзін наш механізатар Сяргей Ніпарка, — расказвае дырэктар сельгасарганізацыі Віталь Бакіноўскі. — Да гэтага ён рыхтаваў глебу пад азімую сяўбу. Дарэчы,  у гаспадарцы пасеялі 939 гектараў збожжавых. На падрыхтоўцы глебы працаваў і Пётр Данчанка на трактары «Фэндт-930».

Зараз жа Сяргей Ніпарка на трактары МТЗ-3522 з плугам ППО-9.45 штодня  заворвае па 25-30 гектараў. У бліжэйшыя дні да яго далучыцца Сяргей Бункевіч.

У сельгасарганізацыі на палі, дзе ёсць  пустазелле, унеслі гліфасаты на плошчы 851 гектар. На палях працаваў агрэгат для ўнясення ўдабрэнняў «Раса»  з ААТ «Упраўленне   БудМеханізацыі», а Максім Вераскоўскі падвозіў ваду і ядахімікаты.

— Узняцце зябліва дае магчымасць раслінным рэшткам за доўгія зімовыя месяцы перагніць і ператварыцца ў свайго роду арганіку, — кажа галоўны аграном ААТ «Ражджэственскае-агра» Ганна Фінская. —  Узнімаем зябліва яшчэ і для таго,  каб разгрузіць работу ўвесну, калі на ўвесь комплекс працы можа  не хапіць часу.

На гэтых палях плануем вясной пасеяць 800 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых,  аднагадовыя травы, і 500 гектараў зойме кукуруза.

У сельгасарганізацыі ўжо паднялі зябліва на плошчы 400 гектараў.  Няшмат часу застаецца да халадоў, таму нельга  яго  губляць, неабходна максімальна якасна падрыхтаваць глебу пад будучы ўраджай.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *