У сельгасфіліяле «Чырвоны май» ведаюць, як атрымаць прыбаўку малака

Галоўны заатэхнік Таццяна Марцінчык і галоўны ветурач Анатоль Бабошка.

На малочнатаварнай ферме “Блужа-2” сельгасфіліяла “Чырвоны май” сёлетнюю зімоўку сустрэлі з добрым запасам якасных кармоў. А таму і малака  атрымліваюць ад каровы значна больш, чым летась.

— У рацыёне дойных кароў дастаткова бялковых кармоў, шрота,  зерня,  сенажу,   —  адзначае галоўны заатэхнік гаспадаркі Таццяна Марцінчык. — Мы нарыхтавалі  па 32 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву. І, што асабліва прыемна, кармы добрай якасці.

Новае памяшканне МТФ “Блужа-2” было пабудавана ў 2018 годзе. Тут сучасны даільна-малочны блок і самае вялікае пагалоўе на гэтай ферме. Захоўваецца строгая тэхналогія ўтрымання жывёлы і створаны ўсе  ўмовы  для   атрымання  вялікага малака.

Не шкадуюць у гаспадарцы сродкаў на ўкараненне новых распрацовак вучоных. Сёння мала  добра накарміць карову. Патрэбна, каб яе кармавы стол быў збалансаваны. Таму ветслужба гаспадаркі рэгулярна выконвае біяхімічны аналіз крыві дойных кароў, а заатэхнічная — забяспечвае патрэбнымі кармамі па выніках гэтага аналізу. Кожная рагуля мае электронны чып, што дазваляе кантраляваць яе стан, атрымліваць усю інфармацыю пра яе.

Аператары машыннага даення Алена Прановіч і Вольга Сальнікава.

Такі падыход мае свае плюсы. Павялічылася не толькі вытворчасць малака, але і павысіліся яго якасныя паказчыкі.

Забяспечанасць якаснымі кармамі ўжо дала свае вынікі. З пачатку года ад кожнай каровы надаілі па 6900 кілаграмаў малака, што складае 119 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Значную прыбаўку малака на МТФ “Блужа-2” атрымліваюць Алена Прановіч і Вольга Сальнікава. Усе аператары машыннага даення працуюць у аднолькавых умовах, але старанныя адносіны да сваіх абавязкаў, набыты вопыт, імкненне атрымаць больш прадукцыі дазваляюць Алене і Вользе быць у ліку лідараў.

У СГФ “Чырвоны май” працягваюць  ствараць для людзей добрыя ўмовы працы. На МТФ “Блужа-2”  зараз вядзецца рэканструкцыя    памяшкання, у  якім  з’явяцца  кабінеты  заатэхніка, галоўнага ветурача, энергетыка, электрыка, іншых спецыялістаў.

Не застаецца без увагі кіраўніцтва гаспадаркі і найбольш аддаленая МТФ “Арэшкавічы”, загадчыцай на якой працуе Таццяна  Шыманская. Толькі сёлета на рамонт гэтай малочнатаварнай фермы затрацілі 30 тысяч рублёў. На ферме замянілі стойлавае абсталяванне,  водапаенне, кармавыя  сталы.

За 11 месяцаў у гаспадарцы валавы надой склаў 121,3 працэнты да ўзроўню мінулага года. І вынік гэты дасягнуты дзякуючы  зладжанай  працы  спецыялістаў  заатэхнічнай, ветэрынарнай службы і  жывёлаводаў.

Слесар Іван Бандарчык.

— Я лічу, што ў гаспадарцы створаны ўсе ўмовы для паспяховай працы  ўсіх службаў, — адзначае кіраўнік СГФ “Чырвоны май” Аляксандр Пальчык. — На фермах абсталяваны пакоі адпачынку, людзі забяспечаны спецадзеннем. А зараз у сувязі з пандэміяй мы забяспечваем работнікаў  маскамі і антысептыкамі, праводзім санітарныя апрацоўкі  памяшканняў.

Зімой жывёлаводы гаспадаркі працуюць у звычайным рытме і нават у  гэтую пару года  атрымліваюць вялікае малако.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *