У сельгасфіліяле «Дрычын» хлебаробы вырасцілі добры ўраджай

Уладзіслаў і Дзмітрый Рымашэўскія.

Хлебаробы   сельгасфіліяла  «Дрычын»   вырасцілі сёлета добры ўраджай  збожжавых. Ён  адзін з самых высокіх у раёне. Зараз з кожнага гектара атрымліваюць па  44 цэнтнеры збожжа.

У гаспадарцы  жніво ў  самым разгары, у полі штодня працуе пяць экіпажаў камбайнаў: чатыры КЗС-1218 і адзін КЗС-10.

— Першай пачалі ўбіраць азімую пшаніцу, —  гаворыць   аграном-насеннявод СГФ «Дрычын» Вольга Фіневіч. — Каб атрымаць добры ўраджай, а збіраем мы гэтай культуры па 43 цэнтнеры збожжа з гектара, пасеялі добрыя гатункі: “аўгустына”, “сюіта”, “нутка”. Загадзя даведваліся  пра асаблівасці  іх вырошчвання на нашых супясчаных глебах  і  тарфяніках. І не прагадалі.

Аграном-насеннявод СГФ «Дрычын» Вольга Фіневіч.

Усяго ў сельгасфіліяле неабходна ўбраць 1130 гектараў    збожжавых  і  зернебабовых культур. Гэта больш, чым у мінулым годзе. Пашырылі плошчы пад пшаніцу і трыцікале, якое ў гэтыя дні тут пачалі ўбіраць. І яно, трэба сказаць, таксама радуе добрым ураджаем: дае па 40 цэнтнераў з гектара.

У дзень усе пяць экіпажаў пры добрым надвор’і ўбіраюць каля 5 працэнтаў плошчаў. Намалочваюць да 300 тон збожжа.

Дзмітрый і Уладзіслаў Рымашэўскія  (бацька і сын) намалацілі больш  за  ўсіх  у  гаспадарцы   збожжа  —  548  тон.    Працуюць  разам   чацвёрты   сезон.

— Люблю гэтую пару, —  гаворыць Дзмітрый  Рымашэўскі. — Залатыя  палі. Праца ў радасць. Ёсць, вядома, участкі складаныя, але і іх абмалочваем.  Я  ўсё  жыццё  ў сельскай гаспадарцы, ведаю кожнае поле.

Трохі   менш —  451  тона — на   рахунку   ў    Уладзіміра Мазурэнкі. Сяргей Дацкевіч  і  Аляксандр   Туміловіч намалацілі ўжо 373 тоны. Працуюць на хлебнай ніве Андрэй Мянькоў   і   Уладзімір    Глазаў. Барыс Макавец працуе на камбайне адзін.

На адвозцы збожжа з поля задзейнічаны чатыры аўтамашыны МАЗ: дзве сельгасфіліяла і дзве прыйшлі  на  дапамогу  з аўтапарка №19.

Зараз у гаспадарцы ўбіраюць трыцікале, на чарзе — азімае жыта. Упершыню пасеялі піваварны ячмень на 83 гектарах. Гэта яравая культура, таму абмалочваць яе будуць крыху пазней.

Сяргей Дацкевіч і Сяргей Туміловіч.

Ужо рэалізуюць збожжа ў лік дзяржзаказу. Усяго неабходна здаць на Мінскі камбінат хлебапрадуктаў 670 тон пшаніцы і 370 тон азімага жыта.

Усё збожжа дапрацоўваюць на сучасным зернесушыльным  комплексе ЗСК-30, дзе   працуе  два  звяны   кругласутачна. Сюды зерне паступае вільготнасцю 20 працэнтаў, а дапрацоўваюць яго да 14 працэнтаў.

— У гэтым годзе шмат палегліцы, — кажа аграном. — І хоць не было ні граду,  ні  моцных  дажджоў, месцамі ветрам істотна паклала каласы. Напрыклад, ёсць участкі палегліцы на трыцікале. Яно расце досыць высокім, таму схільнае да палягання пры моцных парывах ветру. Для таго, каб не страціць  вырашчаны  ўраджай, на камбайнах  выкарыстоўваем сцеблапад’ёмнікі, а хуткасць пры жніве выбіраем мінімальную.

Вадзіцель Дзмітрый Мялешка.

Следам за камбайнам на некаторых участках салому здрабняюць і заворваюць там, дзе будуць сеяць азімы рапс, а гэта каля 300 гектараў. А калі добрае надвор’е — прасуюць у рулоны і звозяць да фермаў. У мінулым годзе нарыхтавалі каля 5 тысяч тон саломы, і ў гэтым плануецца не менш. Жніво — час напружанай працы.

У сельгасфіліяле пастараліся стварыць умовы для механізатараў. Ёсць душ, парылка і нават басейн.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *