У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна пачалі нарыхтоўку кукурузнага сіласу

Адны з самых вялікіх плошчаў,  на якіх вырошчвалі кукурузу,  —  у  КСУП  «Індустрыя-СГ» — 1240 гектараў і «Шацк» — 1200.

Источник фото: dachamechty.ru

А самую вялікую ўраджайнасць гэтай культуры атрымліваюць у КСУП «Агра-Абярэг»: з кожнага гектара па 350 цэнтнераў.  Вырошчвалі «каралеву палёў» на 800 гектарах. Ураджай з 700 гектараў плануюць закласці на сілас, са  100 гектараў — на зерне.

У гаспадарцы ўжо трэці год вырошчвалі кукурузу разам са сланечнікам палоснымі пасевамі, якія займалі 28 гектараў. І вельмі задаволены атрыманым ураджаем: каля 450 цэнтнераў  з  гектара. Гэтай  сумясі  заклалі ў  траншэю 1300 тон. Зараз у КСУП «Агра-Абярэг»  корманарыхтоўка набірае абароты.  Збожжа  кукурузы  знаходзіцца ў васковай спеласці. Менавіта  ў такім стане яно  мае найбольшую пажыўнасць і карыснасць для жывёлы. На двух КВК-800 убіраюць ураджай Сяргей Граблюк і Фёдар Хадыка. У дзень яны могуць убраць до 20 гектараў кукурузы.

Каб скараціць адлегласць пры перавозцы зялёнай масы, па магчымасці садзілі кукурузу недалёка ад фермы. Самае далёкае поле  — на адлегласці пяці кіламетраў.

— Гэты год для цеплалюбівай кукурузы быў не зусім спрыяльны, — адзначае галоўны аграном КСУП «Агра-Абярэг» Максім Шабан. — Увесну было вельмі вільготна  і холадна, а ўлетку стаяла засушлівае  надвор’е. А яшчэ на ўраджаі адбіваюцца вераснёўскія замаразкі. За 11 гадоў, што я працую ў гаспадарцы, такіх не прыгадаю. І гэта можа істотна паўплываць на корманарыхтоўку.

Усяго неабходна нарыхтаваць 25 тысяч тон сіласу. З 20 траншэй  12  запоўніць пажыўным бялковым кормам з кукурузы.

Анастасія   ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *