У СГФ «Светлая ніва» жніво пачалося з «Зажынак»

Першы сноп — дырэктару гаспадаркі Дзмітрыю Шынкарэнка.

У сельскагаспадарчых  арганізацыях  раёна пачалася ўборка збожжавых культур. У сельгасфіліяле  “Светлая  ніва” ў мінулы  панядзелак святкавалі “Зажынкі”.  Па традыцыі  дырэктар Дзмітрый Шынкарэнка павіншаваў  усіх удзельнікаў  жніва з пачаткам гэтай важнай  сельскагаспадарчай   кампаніі.  Святочную  атмасферу ў СГФ “Светлая ніва” дапоўніў  народны  жартоўны  гурт  “Сяброўкі”  Дукорскага  сельскага Дома культуры.

Хлебаробаў СГФ “Светлая ніва”  чакае адказная і напружаная праца. У сціслыя тэрміны неабходна абмалаціць 796 гектараў азімых і 540 гектараў яравых зерневых. Убіраць ураджай-2020 будуць тры КЗС-1218. Нагрузка на камбайн  даволі  высокая — 515 гектараў пры норме 260 гектараў.

— Мы спадзяёмся, што камбайнеры  паспяхова справяцца з заданнем, — адзначае кіраўнік сельгасфіліяла. —  Усе экіпажы ўкамплектаваны  вопытнымі  камбайнерамі.  Дваццаты  сезон  будзе  ўбіраць   хлеб Аляксандр    Зых разам  з  памочнікам   Мікалаем Катком. Пятнаццаты сезон  —  Валерый Шклянка з памочнікам  Юрыем Шэлегам. Дарэчы, на рахунку гэтага экіпажа ўжо 246 тон азімага рапсу. І трэці  экіпаж —  Аляксандр Гляцэвіч і Дзмітрый Зязюльчык.

Хоць сёлетняя халодная вясна ўнесла карэктывы ў планы хлебаробаў, у гаспадарцы не трацяць надзею атрымаць ураджай зерневых большы, чым летась. І падставы для такога аптымізму ёсць. Рапсу атрымалі ў два разы болей, чым летась: 500 тон. Выканалі дзяржаўны  заказ.

Жніво традыцыйна будзе весціся па меры выспявання коласа.

— Мы плануем атрымаць валавы збор зерня каля 4100 тон. Летась пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара намалацілі 3640 тон, — кажа Дзмітрый Аляксандравіч. — Сёння даспявае багаты ўраджай азімага жыта гатунку F 1 Пікасо, якога пасеялі 100 гектараў. Важкі колас павінен даць не менш за 60 цэнтнераў з гектара. Ёсць спадзяванні на добры ўраджай пшаніцы, трыцікале — не менш за 35 цэнтнераў з гектара. Ячменю плануем намалаціць па 30 цэнтнераў з гектара.

Для атрымання такога ўраджаю было ўкладзена нямала сіл і сродкаў. І сёння самае галоўнае —  убраць ўсё вырашчанае без страт. Для гэтага не толькі добра падрыхтаваны збожжаўборачныя камбайны, але і машыны, якія будуць працаваць на адвозцы  зерня  ад  камбайна — два дзесяцітонныя МАЗы. Вадзіцелі  Яўген  Крупнікаў і Юрый Мордус аднымі з першых падрыхтавалі тэхніку да ўборачнай кампаніі і атрымалі допуск дзяржтэхнагляду. Вядома ж, усё збожжа будзе трапляць на зернесушыльны комплекс ЗСК-15 і да-працоўвацца да патрэбнага працэнту вільготнасці, а таксама праходзіць ачыстку на спецыяльным ачышчальніку.

Удзельнікі жніва СГФ «Светлая ніва».

Перад пачаткам жніва ў сельгасфіліяле вызначылі, на якіх участках будуць заняты іншыя механізатары. Адразу будзе ўбірацца з поля салома. Для гэтага ёсць прэспадборшчык ПРФ-180, на якім будуць працаваць Сяргей Савіч, Алег Плясецкі. Набылі  і спецыяльную платформу для перавозкі саломы.

Улічваючы вялікую нагрузку на кожны экіпаж, прадугледзелі добрую аплату працы. Удзельнікі жніва могуць зарабіць ад чатырох  тысяч  рублёў  пры  якаснай   рабоце.

У сельгасфіліяле арганізаваны падвоз гарачых абедаў, у мехмайстэрні працуе душ, а каб пазбегнуць прастояў тэхнікі, нечаканых паломак, прама ў поле будзе выязджаць аўтамабіль тэхдапамогі з усім неабходным.

Жніво стартавала, і сёння галоўнае — убраць ураджай-2020 хутка і без страт.

Анастасія    ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *