У школах і дзіцячых садках раёна ідзе рамонтная кампанія
У кожнай установе адукацыі ў канцы навучальнага года праводзіцца аналіз неабходнасці і чарговасці ў рамонце, а таксама вызначаюцца віды рамонтных работ, якія павінны быць завершаны да 1 верасня.
Маштабных работ, звязаных з капітальнымі рамонтамі ўстаноў адукацыі раёна, у гэтым годзе не будзе. Але бягучы рамонт актуальны для ўсіх школ і дзіцячых садкоў. На яго выкананне раённым бюджэтам прадугледжана 335 500 рублёў. За кошт сродкаў раённага суботніка 45 000 рублёў накіравана на рамонт харчблока ў будынку пачатковай школы пасёлка Дружны.
— Плануецца выкананне частковага рамонту дахаў у дашкольных установах пасёлка Дружны, яслі-садзе № 4 горада Мар’іна Горка, Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Там таксама будзе зроблены рамонт пешаходнай дарожкі. Ужо праведзены работы па замене падлогі ў спартыўнай зале Дрычынскай базавай школы, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Шастакова. — Акрамя таго, традыцыйна ў кожнай установе адукацыі вядуцца касметычныя рамонты навучальных кабінетаў, калідораў, музычных і спартыўных залаў, сталовых і іншых памяшканняў.
У Рудзенскай СШ, як і ў многіх іншых школах, падрыхтоўка да пачатку новага навучальнага года ўжо набліжаецца да завяршэння.
— Сур’ёзныя рамонтныя работы, звязаныя з устаноўкай вокнаў, укладкай пліткі, у школе былі праведзены два гады таму, — расказвае дырэктар установы адукацыі Людміла Гамаліна. — Цяпер першачарговай задачай, якая патрабуе немалых сродкаў, з’яўляецца рамонт харчблока. Але гэтыя работы ў бягучым годзе не запланаваны. Бліжэйшыя задачы — выканаць касметычныя рамонты там, дзе ёсць неабходнасць.
Падрыхтоўкай сваіх класаў традыцыйна займаюцца педагогі. Ім дапамагаюць актыўныя бацькі і тэхнічны персанал школы. Трэба сказаць, што ўсе нашы работнікі падыходзяць да справы з усёй адказнасцю. Многія працуюць у сваіх класах нават у перыяд працоўнага адпачынку.
Не забываюць педагогі і тэхнічныя работнікі школ і аб стане прышкольных тэрыторый. Летам праводзіцца афарбоўка надворнага абсталявання, уладкаванне кветнікаў, а таксама рамонт і афарбоўка агароджы. Ён быў выкананы ў Мар’інагорскай гімназіі, Блужскім НПК дзіцячы сад — базавай школе, Грабенскай, Дрычынскай базавых школах.
У жніўні пройдзе традыцыйны аб’езд-прыёмка школ.
Алена ІВАНОВА.