У школах Пухавіцкага раёна адбыліся вечары сустрэчы выпускнікоў
Залатыя юбіляры
Большая частка нашага дзяцінства звязана са школай. Менавіта ў яе сценах з’яўляліся першыя сапраўдныя сябры, планаваліся разнастайныя прыгоды, пра якія і праз дзесяцігоддзі ўсе ўдзельнікі ўспамінаюць з задавальненнем. Таму не знікае жаданне сустрэцца са сваімі аднакласнікамі, яшчэ раз вярнуцца ў дзяцінства нават і праз пяцьдзясят гадоў пасля заканчэння школы. Менавіта такіх, залатых юбіляраў, віталі ў Блужскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-базавая школа і Пухавіцкай сярэдняй школе. У Рудзенскай і Праўдзінскай сярэдніх школах самымі старэйшымі юбілярамі сталі выпускнікі, якія скончылі школу 45 гадоў таму.
Падарунак ад выпускнікоў
У сярэдняй школе №3 горада Мар’іна Горка самымі дружнымі аказаліся выпускнікі, якія скончылі школу 45 гадоў таму, у 1974 годзе. Сярод іх нямала цікавых людзей, якім ёсць што расказаць і сваім былым аднакласнікам, і сённяшнім вучням. У іх ліку і кандыдат геолага-мінералагічных навук, дацэнт кафедры рэгіянальнай геалогіі геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ларыса Мурашка. Яна скончыла школу з залатым медалём, затым геаграфічны факультэт БДУ, дзе працуе і зараз. Ларыса Іванаўна аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў, геалагічных карт з Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь і Атласа настаўніка. Выпускнікі 1974 года з падзякай успаміналі школьныя гады. І каб падтрымаць родную школу, паспрыяць больш якаснай адукацыі і выхаванню сённяшніх вучняў, яны падарылі школе акустычную сістэму для кабінета, у якім створаны цэнтр бяспекі.
Настаўнікаў віталі апладысментамі
Большасць выпускнікоў, якія 30 гадоў таму скончылі сярэднюю школу №4 горада Мар’іна Горка, менавіта сюды прывялі вучыцца і сваіх дзяцей. Таму аб патрэбах установы адукацыі яны ведаюць добра. Вучні школы актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных навуковых і творчых конкурсах. А работы патрэбна не толькі дастойна выканаць, але і аформіць. Таму былыя выпускнікі, сённяшнія бацькі, вырашылі падарыць школе брашуратар-пераплётчык, каб часткова зняць праблему з афармленнем разнастайных матэрыялаў. Яны шчыра жадаюць, каб іх родная школа была сярод лепшых у раёне, а вучні мелі магчымасць на роўных спаборнічаць са сваімі аднагодкамі нават на ўзроўні рэспублікі.
Падчас вечара сустрэчы з выпускнікамі размова ішла і аб сённяшніх справах школы, і аб яе мінулым. Удзельнікі мерапрыемства з падзякай успаміналі настаўнікаў, што працавалі ў школе ў розныя гады. Яны шчырымі апладысментамі віталі былых класных кіраўнікоў юбілейных выпускаў. Уся зала стоячы апладыравала Зінаідзе Мікалаеўне Шчарбаковай і Валянціне Міхайлаўне Кухарчык, якія атрымалі падзяку ад Галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама. Гэта менавіта яны 30 гадоў таму выпусцілі ў самастойнае жыццё свае класы, у якіх, як паказаў час, выхавалі шчырых і неабыякавых да спраў роднай школы людзей.
Дружным класам
У свае бесклапотныя школьныя гады ў мінулую суботу вярнуліся выпускнікі Дубраўскай сярэдняй школы. На вечар сустрэчы сабраліся не толькі юбілейныя выпускі, але і тыя, каму да круглых лічбаў не хапае некалькі гадоў. На свята запрасілі ветэранаў педагагічнай працы. Цяперашнія вучні і настаўнікі падрыхтавалі канцэртную праграму, арганізавалі фотазону і дасталі архіўныя фотаздымкі.
Самыя старэйшыя выпускнікі, якія атрымалі атэстаты ў 1994 годзе, асабліва былі рады сустрэчы з класным кіраўніком Аляксандрам Бяляевым. Радасна, што многія з іх звязалі сваё жыццё са школай. На сустрэчу з адна-класнікамі праз 25 гадоў прыйшла Аксана Агейчык, работнік тэхнічнага персаналу.
Усё тым жа дружным класам на сцэну выйшлі выпускнікі 1999 года, сярод якіх і настаўнік пачатковых класаў Дубраўскай школы Наталля Паўлоўская. Гады, здаецца, нічога не змянілі: іх першая настаўніца Марына Прымак і цяпер працуе ў школе, класны кіраўнік Марына Аляксандрава таксама прыйшла на вечар сустрэчы. У школе назіраецца сувязь пакаленняў: у будучым годзе дачка Наталлі Паўлоўскай стане першакласніцай, і такіх прыкладаў шмат.
Выпускнікі 2018 года падзякавалі настаўнікам за іх працу і выступілі з музыкальным нумарам.
Прыемны сюрпрыз
У Пярэжырскай сярэдняй школе імя А. Гурыновіча таксама прайшла канцэртная праграма. Найбольш арганізаванымі аказаліся выпуснікі 2014, 1989 і 1974 гадоў. На сустрэчу з аднакласнікамі праз 30 гадоў прыйшлі цяперашні намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Міраненка і настаўніца Зазерскай сярэдняй школы Аксана Сіняўская. Падзякі за працу падчас свята атрымалі педагогі-ветэраны Тамара Карнеева, Людміла Рунец, Алена Івановіч.
Прыемны сюрпрыз калектыву школы падрыхтаваў выпускнік Віктар Лаўрусенка, які скончыў школу 45 гадоў таму. Ён не змог прысутнічаць на свяце, але ў якасці падарунка перадаў праз брата ноўтбук.
Наталля ПАРХОМЧЫК.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.