У стагоддзе інфармацыйных тэхналогій аддзяленне паштовай сувязі Азярычына не пустуе

 

Да начальніка аддзялення паштовай сувязі Азярычына Ганны Гралеўскай мы завіталі ў другой палове дня. Пошта ў гэты час ужо не працуе,  але  Ганна Пятроўна хутка дабралася з дому на сваё працоўнае месца. Гэтым  маршрутам жанчына ходзіць ужо на працягу 32 гадоў.

У паштовае аддзяленне яна прыйшла пасля  вучылішча  адразу  на  пасаду  начальніка. Асвоілася без праблем: у Азярычыне Ганна Гралеўская нарадзілася і вырасла, таму  працаваць з аднавяскоўцамі было проста.

Пасля заканчэння школы перад ёй паўстала пытанне: стаць настаўніцай або пайсці ў сферу паслуг.   Пра свой выбар яна ніколі не пашкадавала і цікаўнасць да прафесіі за столькі гадоў  не згубіла.

Паштовае аддзяленне ва ўсе часы было самым папулярным месцам у вёсцы. Людзі адпраўлялі лісты, паштоўкі. Сёння, у стагоддзе інфармацыйных  тэхналогій, многае  змянілася, але памяшканне пошты не пустуе. Адны прыходзяць  заплаціць за камунальныя паслугі, другія — набыць бытавыя і іншыя тавары.

— Таксама нашы жыхары выпісваюць  газеты  і часопісы. Многія на працягу гадоў нязменнай крыніцай інфармацыі выбіраюць “раёнку”, — расказвае Ганна Пятроўна. — Паштальён Ірына Крук, з якой працуем разам ужо сямнаццаць гадоў, прыносіць чытачам  свежыя выданні.

Летам у Азярычына прыязджаюць дачнікі, якія таксама карыстаюцца паслугамі паштовай сувязі.

Раней з аддзяленнем паштовай сувязі суседнічалі кантора  сельгаспрадпрыемства і прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання. Цяпер  Ганна Гралеўская — адзіная  гаспадыня  вялікага  будынка.  Але ў сваім памяшканні яна здолела стварыць утульную атмасферу, куды людзям хочацца вяртацца зноў і зноў.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *