У СУП “Дукора-Агра” працуюць без выхадных

Механізатар Віктар Мялаў.

Яравы клін збожжавых і зернебабовых культур у СУП “Дукора-Агра”  складае 1100 гектараў. Гэта адна з самых вялікіх пасяўных плошчаў у раёне. 

Ужо пасеяна пшаніца. Наступіла чарга ячменю. На пасяўной у гаспадарцы задзейнічаны   два  вопытныя  сейбіты:   Андрэй  Сачок  і   Віктар  Мялаў.  Падрыхтоўкай глебы займаюцца  Уладзімір Давыдзенка і  Юрый Шлык.

Магутны трактар  “Джон Дзір” з сеялкай “Фогель Нут”, на  якім працуе  Віктар Мялаў, нечакана з’яўляецца на пагорку каля фермы Харавічы.  Механізатар пад’язджае да Уладзіміра Акуліча, каб запоўніць бункер насеннем.

— Зямля падсохла, цяпер значна лягчэй сеяць. Гэтае поле не складанае  па  канфігурацыі,  і  падгоркі цяжкасцей не дастаўляюць, — расказвае Віктар Мялаў, сейбіт з 25-гадовым стажам. — Тэхніка рухаецца з хуткасцю 10-12 кіламетраў у гадзіну. Поўнага бункера насення хапае прыкладна на 4-5 гектараў.

У гэтыя напружаныя дні  механізатары працуюць без выхадных. Перапынкі двойчы на дзень: на абед і падвячорак, якія ў поле прывозіць раздатчыца Людміла Шыкуць.

Памочнік повара Юлія Іванчанка і загадчыца сталовай Кацярына Пахомава.

Тым часам у сталовай гаспадаркі работа кіпіць не  менш актыўна, чым на палях. Задача накарміць земляробаў ускладзена на загадчыцу сталовай Кацярыну Пахомаву і  памочніка повара Юлію Іванчанка. У гарачы сезон палявых работ сталовая працуе без выхадных.

— Штодзень гатуем каля  пяцідзесяці абедаў і падвячоркаў. У выхадныя дні ў нас харчуюцца таксама механізатары ААТ “Машхарчпрад”, таму порцый гатуем больш, — расказвае загадчыца сталовай.

Кацярына Пахомава і Юлія Іванчанка працуюць паварамі ўжо па дзевяць гадоў. Жанчыны не толькі калегі: яны  аднакласніцы  і  аднагрупніцы. На  работу  прыходзяць   заўсёды  з  усмешкамі:  добры настрой таксама ўплывае на працэс прыгатавання ежы і яе смак.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *