У СУП «Дукора-Агра» ёсць  дасягненні і  патэнцыял

Механізатары Дзмітрый Шаўцоў, Мікалай Судніковіч, дырэктар Аляксандр Славікоўскі, механізатары Сяргей Дрынеўскі, Аляксандр Давыдзенка, Юрый Шлык.


Гэты год праляцеў як адзін дзень, —  пачынае размову кіраўнік  СУП «ДукораАгра» Аляксандр Славікоўскі. — Для нас ён быў даволі паспяховым. Мы дасягнулі паказчыкаў, на якія разлічвалі.

Аляксандр Віктаравіч адлічвае сваю дырэктарскую біяграфію з лістапада мінулага годаРазам з калектывам гаспадаркі ён сустракае не толькі прафесійнае свята, але і 90-гадовы юбілей сельгаспрадпрыемства. Сённяшнім дукорскім работнікам не сорамна глядзець у вочы  папярэднікам: у гаспадаркі  ёсць  шэраг   дасягненняў, ёсць і  патэнцыял.

 

Галоўны інжынер Аляксандр Барычэўскі.

Пераможца  раённага  спаборніцтва

СУП “Дукора-Агра” — пераможца раённага спаборніцтва на вясенне-палявых работах і сяўбе азімых культур. Усё заканамерна: загадзя падрыхтавалі тэхніку, добра і зладжана папрацавалі   вясной — летам атрымалі  добры ўраджай. Агульны намалот зерневых культур склаў 9700 тон, што значна перавышае мінулагодні паказчык. Сярэдняя ўраджайнасць — 41 цэнтнер з гектара. Два з сямі  экіпажаў камбайнаў намалацілі больш за  дзве тысячы тон. Тысячнікамі сталі ўсе камбайнеры.

Невыпадкова работнікі СУП “Дукора-Агра” вялікай дэлегацыяй прыехалі на раённыя “Дажынкі”. Дзякуючы іх намаганням гаспадарка пастаянна ўваходзіць у лік лідараў.  Добрых  слоў  заслугоўваюць вадзіцель Анатолій Крайко, механізатары Уладзімір і Аляксандр Давыдзенкі, Юрый Шлык, Павел Абакунчык, Сяргей Фралоў, Сяргей Дрынеўскі і іншыя.

Прараб Іван Саранкоў.

— Бывае,  несправядліва незаўважанымі застаюцца работнікі ферм. Валерый Блашко раздае кармы, Алег Лецяга займаецца іх пагрузкай. На абслугоўванні ферм Мікалай Фралоў і Віктар Паўлечка часта працуюць без выхадных. На такіх самаадданых людзях і трымаецца гаспадарка, — гаворыць Аляксандр Славікоўскі.

За год пад кіраўніцтвам новага дырэктара прыкметна змяніўся мехдвор. Палепшыліся бытавыя ўмовы:  з’явіліся душавыя кабіны, абсталявалі пакой для прыёма ежы. Змяніўся мехдвор і знешне:  устанавілі шлагбаум, паклалі  асфальт, пабудавалі мойку, памянялі асвятленне, правялі іншыя  работы. Такія  перамены  не   засталіся без увагі: мехдвор гаспадаркі будзе прымаць удзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе машынных двароў.

Машынна-трактарны парк сёлета папоўнілі 18 адзінак тэхнікі, сярод  якіх чатыры трактары, кормараздатчык, сеялка і культыватар. Амаль на ўсіх трактарах і машынах  устанавілі навігацыйную сістэму.

Галоўны аграном Сяргей Ракуцька і аграном-аграхімік Аляксандр Кротаў.

“Санаторый”  для  жывёлы

Аляксандр Славікоўскі па спецыяльнасці інжынер, але цяпер, здаецца, можа прачытаць лекцыю пра жывёлагадоўлю. Менавіта на гэту галіну з пачатку свайго кіраўніцтва скіраваў усе сілы малады дырэктар. Першапачатковая задача — стварыць камфортныя ўмовы для ўтрымання жывёлы і палепшыць яе захаванасць — выканана.

— У гэтым годзе хапіла працы нашай будаўнічай брыгадзе з сямі чалавек, якую ўзначальвае прараб Іван Саранкоў, — працягвае дырэктар. — Пры дапамозе сродкаў з абласнога бюджэту мы  пабудавалі клюшачнік на таварнай ферме “Дукарка”.  Дапамог нам таксама інвестар — ААТ “Машхарчпрад”. Будаўніцтва пачалося вясной, наваселле ў жывёлы ўжо адбылося. У новы будынак паставілі 280 цёлак. Для іх створаны бадай што санаторныя ўмовы: новыя паілкі,  светадыёдныя  ліхтары,  бетаніраваная падлога.

Загадчыца малочна-таварнага комплексу Алена Яблонская і яе памочнікі Алена Дашкевіч і Марыя Федарынчык.

Яшчэ адно наваселле адбылося на  МТФ  “Харавічы” — самым буйным аб’екце сельгас-прадпрыемства. Драўляны цялятнік там пабудавалі за свае сродкі і ўсяго за  21 дзень. У пошуках таннага і сучаснага праекта кіраўнік аб’ездзіў усю Беларусь. Цялятнік разлічаны на 70 галоў, есць выгульны дворык. У летні  перыяд  можна  выкарыстоўваць на 140 галоў.

На таварнай ферме ў  Галенбергу вырошчваюць бычкоў на адкорм. Цяпер іх каля 500. У планах паставіць на адкорм 1000 бычкоў.

Да зімы ў гаспадарцы падрыхтаваліся. Нарыхтавана 38 кармавых адзінак на ўмоўную галаву пры запатрабаваных 24. Гэта самы вялікі паказчык у раёне. Лідзіруе СУП “Дукора-Агра” і па нарыхтоўцы сенажу: закладзена 16 450 тон. Сіласу аграрыі нарыхтавалі 15 800 тон.

За  жывёлагадоўчую  галіну  адказваюць галоўны заатэхнік Уладзімір Арлоўскі,  вопытны тэхнік-асемянатар     Наталля     Лучанок  і   заатэхнік-селекцыянер Яраслаў Швяцоў.

На працу  прыходзіць  і  моладзь.  У  загадчыцы  малочна-таварнага   комплексу   Алены  Яблонскай   і  яе  памочніка Марыі Федарынчык,  стаж  якіх    перавышае трыццаць гадоў, вопыт  пераймае малады  спецыяліст   Алена Дашкевіч. Яна  выпускніца Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Муж Алены працуе галоўным заатэхнікам у суседняй гаспадарцы.

Галоўны заатэхнік Уладзімір Арлоўскі.

— Славу кожнай гаспадаркі робяць людзі. Пра нашых работнікаў можна гаварыць многа, — падсумоўвае дырэктар Аляксандр Славікоўскі. —  Напярэдадні  прафесійнага свята  і  юбілея сельгаспрадпрыемства хачу павіншаваць усіх ветэранаў гаспадаркі і цяперашніх работнікаў. Шчыра дзякую за вашу працу. Яна цяжкая, але такая неабходная. Жадаю  ўсім  моцнага   здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту і добрых заробкаў.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *