У вёсцы Русаковічы ўсталявалі інфармацыйны знак

У жніўні споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння мастака  Генрыха Вейсенгофа, творчасць якога была звязана з Расіяй, Беларуссю і Польшчай.  Ён быў сапраўдным майстрам пейзажу. Яго карціны карысталіся поспехам. Генрых Вейсенгоф мае дачыненне да Пухавіччыны: у вёсцы Русаковічы быў маёнтак яго бацькоў, дзе мастак  жыў на працягу  некалькіх гадоў на пачатку ХХ стагоддзя. І мясцовыя жыхары зберагаюць памяць аб сваім таленавітым земляку.

Гісторыя роду Вейсенгофаў заўсёды гучыць пад- час свята вёскі Русаковічы, якое ўжо на працягу дзевяці гадоў  ладзяць мясцовыя жыхары. Рыхтуе фэст ініцыятыўная група, ідэйным натхняльнікам якой з’яўляецца Алена Гобарава. Мерапрыемству можна смела надаваць статус міжнароднага, бо на ім пастаянна  бываюць госці з Сербіі.

Другі год запар па запрашэнні арганізатараў  прыязджае на свята старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый Важнік, які актыўна рэалізуе ідэю развіцця турызму ў нашым раёне. У гэтым годзе для мясцовых жыхароў і гасцей рэгіёна ў Юрыя Пятровіча быў асаблівы падарунак: інфармацыйны знак,  на якім размешчаны звесткі пра вёску Русаковічы і яе знакамітага жыхара — Генрыха Вейсенгофа. Усталявалі знак на ўскрайку дарогі, каб падарожнікі маглі спыніцца і прачытаць інфармацыю пра мясціны, па якіх яны праязджаюць. Дарэчы, мясцовыя жыхары могуць паказаць, дзе стаяў дом Вейсенгофаў. У Русаковічах зберагліся аб’екты, звязаныя з мастаком: на мясцовых могілках захавалася магіла яго брата Эдварда,  камяні, якія адлюстраваны на карціне “Беларускія могілкі. Русаковічы”.

Дарэчы, Генрых Вейсенгоф напісаў некалькі пейзажаў з мясцовымі краявідамі. Копіі  з некаторых карцін  вырашыў зрабіць мясцовы мастак Аркадзь Шэлег. Падчас свята ён прадставіў копію карціны “Вясна”. Месца, якое на ёй адлюстравана, можна пазнаць і зараз: ландшафт не змяніўся, а івы,  якія там  растуць, вельмі падобныя на тыя, што ёсць на карціне.

Упершыню ў гэтым годзе  на свята ў Русаковічы прыехалі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Мінскі сход нашчадкаў шляхты і дваранства”. Гэта людзі, якія цікавяцца гісторыяй шляхецкіх родаў, старажытнай гісторыяй Беларусі. Нашчадкі  беларускай шляхты вырашылі аддаць даніну памяці мастаку, якога можна назваць геніем Русаковічаў  (у рымскай міфалогіі геніем месца называлі духа-пакравіцеля канкрэтнага населенага пункта), бо яго імя назаўсёды звязана з гэтым месцам.

Падчас свята жыхары вёскі ўспаміналі і іншых сваіх землякоў. Напрыклад, усіх вельмі парадавала тое, што сваю малую радзіму наведала асістэнт кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Жанна Гляцэвіч. Яна нарадзілася ў вёсцы Русаковічы ў 1949 годзе. Сваё жыццё прысвяціла выкладчыцкай дзейнасці ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. З’яўляецца аўтарам і  сааўтарам  каля 20 вучэбных  дапаможнікаў па эканоміцы.

Аддалі жыхары вёскі і госці свята даніну памяці і тым, чыё жыццё склалася трагічна: арганізатары падрыхтавалі стэнд з імёнамі аднавяскоўцаў, якія падвергліся рэпрэсіям у 30-50-я гады мінулага стагоддзя. У ім 10 чалавек з прозвішчам Шэлег.  Нехта з іх змог вярнуцца са сталінскіх лагераў, некаторыя там  загінулі.

Дарэчы, Шэлег — гэта прозвішча большасці жыхароў вёскі Русаковічы. І яны любяць жартаваць на гэтую тэму: без падначак наконт таго, хто сапраўдны Шэлег, а хто не, не абы-шлося і ў гэты раз. На свяце наогул было шмат жартаў і музыкі. Павіншаваць жыхароў вёскі прыехалі артысты-аматары з Рудзен-скага Дома культуры, сваёй творчасцю парадавалі ўдзельнікаў свята  таленты з Праўдзінскага і Русаковіцкага Дамоў культуры. Даспадобы ўсім прыйшлася і пенная забава, якую арга-нізавалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Традыцыйная   латарэя з прызамі ад мясцовых майстроў і спонсараў,  добра арганізаваны гандаль — усё гэта стварала атмасферу сапраўднага свята.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *