У яслі-садку №3 у Мар’інай Горцы працуе кругласутачная група
Яслі-сад №3 у Мар’інай Горцы — адзіная ў раёне дашкольная ўстанова адукацыі, дзе ёсць кругласутачная група знаходжання дзяцей (адкрыта ў 1996 годзе). Яна ўвесь час была і застаецца запатрабаванай, таму што некаторыя бацькі маюць зменны працоўны графік або ненармаваны рабочы дзень. У дадзены час кругласутачную групу наведвае 19 дзяцей з 16 сем’яў.
— Іншы раз даводзіцца чуць, што сем’і, якія карыстаюцца паслугамі гэтай групы, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — кажа загадчыца дзіцячага садка Таццяна Мядзведзева. — Гэта абсалютна не так. Бацькі нашых выхаванцаў працуюць у гандлі, медыцыне, ёсць вайскоўцы, прадпрымальнікі. Не ва ўсіх на Пухавіччыне ёсць сваякі, якія маглі б дапамагчы з дзецьмі, калі таты і мамы з’язджаюць у камандзіроўкі, ідуць на працу ў начныя змены або заступаюць на суткі. А хтосьці проста працуе ў Мінску і позна прыязджае дадому. Многія перад сном паспяваюць забраць дзяцей. Але хтосьці застаецца і на ноч: у гэтым годзе пяцёра дзетак прыходзяць цалкам на пяцідзёнку.
Наяўнасць такой групы вельмі дапамагае некаторым бацькам.
Кругласутачная група па аб’ектыўных прычынах — рознаўзроставая. Да педагогаў, якія ў ёй працуюць, — асаблівыя патрабаванні. Выхавацелі ў нейкай меры кампенсуюць дзеткам недахоп бацькоўскай увагі. Вераніка Муха і Вольга Бандаронак імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб дзецям было камфортна і нясумна ў садку. Увечары гэтых выхавальнікаў змяняе вячэрні выхавальнік Надзея Федарэнкава. Яна як сапраўдная мама і бабуля ў адной асобе: песціць дзетак, як родных, чытае ім на ноч казкі. Дзеці вельмі любяць і заўсёды чакаюць Надзею Аляксандраўну.
Выхавальнікам дапамагаюць памочнікі Алена Карпук, Наталля Максімовіч, Аксана Мяльгуй. Усе разам яны імкнуцца ствараць дзецям сапраўдныя сямейныя вечары.
— Развіццю гэтай групы мы стараемся надаваць больш увагі, таму што дзеці праводзяць у яе сценах значна больш часу, чым іншыя, — кажа Таццяна Славаміраўна.— Праўда, умоў для рэалізацыі нашых жаданняў не так многа: будынак садка пабудаваны ў 1974 годзе, і памяшканні не зусім прыстасаваны для сучасных патрабаванняў па знаходжанні дзяцей. Але мы робім усё магчымае, каб стварыць камфортнае асяроддзе.
Акрамя кругласутачнай групы, у яслі-садку працуе яшчэ пяць груп. Выхавальнікі рэалізуюць у іх некалькі адукацыйных праектаў. У гэтым годзе, напрыклад, стартаваў праект «Развіццё псіхаэмацыйнай сферы ў дзяцей з асаблівасцямі развіцця сродкамі музычнай тэрапіі». Музыка, перакананы педагог Марына Падзвінская, часам творыць цуд. Таму заняткі будуць асабліва карыснымі дзеткам з праблемамі ў зносінах або, наадварот, гіперактыўным дзецям.
Яшчэ адзін праект рэалізуюць дэфектолаг і спецыяліст па фізічным выхаванні. Рух і развіццё маўлення ў дзяцей — такія задачы ставяць перад сабой педагогі.
Цікава выхаванцам і ў тэатральнай студыі. Яна працуе ў старэйшай групе, якая нядаўна стала беларускамоўнай. Мабыць, гэта першы вопыт, калі выхавальнік у рускамоўным гарадскім садку з дзецьмі размаўляе на беларускай мове. Перш, чым прыйсці да такога рашэння, правялі бацькоўскі сход. Высветлілі, што бацькі не супраць таго, каб дзеці з самага дзяцінства чулі родную гаворку і ў школу прыйшлі б з пэўным багажом ведаў. Выхавальнік Валянціна Васкабовіч з цікавасцю ўзялася за распрацоўку заняткаў, падбор літаратуры. Стварылі нават маленькі аўтэнтычны беларускі куток для гульняў і знаёмства з беларускімі традыцыямі. Дзеці з інтарэсам вучаць вершы і песні на беларускай мове. І, па словах выхавацеля, выдатна разумеюць усё, што яна ім гаворыць па-беларуску.
— А яшчэ я ганаруся тым, што нашы дзеці ведаюць і спяваюць гімн, — кажа Валянціна Васкабовіч.
— Мне падабаецца, што выхавальнікі падтрымліваюць цікавыя пачынанні, накіраваныя як на ўдасканаленне адукацыйна-выхаваўчага працэсу, так і на паляпшэнне асяроддзя знаходжання дзяцей, — гаворыць Таццяна Славаміраўна, якая, дарэчы, толькі год таму ўзначаліла калектыў дзіцячага садка. — Мы стараемся агульнымі намаганнямі знайсці нешта такое, што стала б нашай візітнай карткай. І, я думаю, у нас абавязкова атрымаецца.
Алена ІВАНОВА.