Удабрэнні пад яравую сяўбу ўносяць у СУП “Дукора-Агра”

З году ў год тэрміны пачатку палявых работ розныя, бо ў сельскай гаспадарцы многае залежыць ад надвор’я. Летась, напрыклад, у  гэтыя красавіцкія дні актыўна вялася падрыхтоўка глебы да сяўбы. Сёлета  гаварыць пра гэта рана: на палях яшчэ шмат вільгаці.

Усе земляробы — у чаканні сапраўднага вясновага надвор’я. Адзіны від работ, на якім гэтымі днямі задзейнічаны механізатары, — унясенне мінеральных удабрэнняў. Калійныя і фосфарныя ўдабрэнні пад яравую сяўбу ўносяць і ў СУП “Дукора-Агра”.

На полі, што знаходзіцца амаль на мяжы з Чэрвеньскім раёнам,  на агракомплексе “Раса” працуе  Сяргей Фралоў (на здымку). Ён уносіць фосфар пад яравы ячмень. “Раса” —  лёгкая  тэхніка, якая працуе і на пера-ўвільготненых глебах. Аднак пакуль на поўную моц не можа працаваць і   гэты агракомплекс.

—  На палях яшчэ  многа вады. Трэба пачакаць, каб зямля крыху падсохла, тады і тэхніку можна будзе пускаць, — гаворыць галоўны аграном Сяргей Ракуцька. — Але каштоўны час мы дарэмна не марнуем. Фосфарныя  ўдабрэнні ўнеслі на 220 гектарах. На 80 гектарах, якія адведены пад вырошчванне  бульбы, унеслі калій.  На 57 гектарах Андрэй Сачак  падсеяў канюшыну. Сяргей Піталенка сёння ўносіць калійныя ўдабрэнні на пашах каля МТФ “Красніца”, астатнія меха-нізатары пакуль свой сельскагаспадарчы сезон не адкрылі.

Неабходная колькасць арганікі пад яравую сяўбу — 33 тысячы тон — ужо вывезена на палі. Уносіць яе будуць непасрэдна перад сяўбой.  Таксама ў бліжэйшыя дні дукорскія земляробы плануюць пачаць падкормку азімых культур.

Яравы клін збожжавых  у СУП “Дукора-Агра” складае 1100 гектараў.  Позняя вясна работнікаў гаспадаркі не здзіўляе. Вопытныя сейбіты сваю працу ведаюць.  Яны гатовы да таго, што пасяўную кампанію трэба будзе правесці ў сціслыя тэрміны. Тэхніка ўжо  падрыхтавана. Застаецца спа-дзявацца на добразычлівасць “нябеснай канцылярыі”.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *