Удзельнікі семінара пазнаёміліся з навінкамі

Падчас семінара ў ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс».

З ходам  падрыхтоўкі  сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавых палявых работ  пазнаёміліся ўдзельнікі выязнога семінара, які прайшоў на мінулым тыдні на базе адразу некалькіх сельгасарганізацый раёна.

Сёлета пастаўлена задача ўсе пасяўныя агрэгаты, дыскатары, машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, глебаапрацоўчую тэхніку  падрыхтаваць раней звычайнага — да 30 снежня.

Пазнаёміліся ўдзельнікі семінара і з навінкамі.

У ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» загадчык майстэрняў Анатоль Штыцко паказаў, як наладжана вытворчасць стойлавага абсталявання для фермаў і  каткоў для глебаапрацоўчага агрэгата АКШ.

— Мы можам аказваць такія паслугі і іншым сельгасарганізацыям, — адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара Віктар Цішкевіч.

Ён паведаміў: калі  актыўна будаваліся ў раёне даільна-малочныя блокі,  у ААТ  «Пухавіцкі райаграсэрвіс» вырабілі больш за  2 тысячы стойлавых рам.

Акрамя таго, тут паказалі глебаапрацоўчую  і пасяўную тэхніку, якая ўжо  на 80 працэнтаў падрыхтавана да работы. Яе рамонт пад кіраўніцтвам  загадчыка майстэрні вядуць слесары Яўген Ліпай і Аляксандр Бразгаўка. Пастаноўкай на захоўванне займаліся механізатары Васіль Шпакоўскі, Віктар Шыльцаў, Аляксей Панкратовіч, Канстанцін Мулярэвіч.

— Да 21 снежня рамонт плануем завяршыць, — запэўніў кіраўнік ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс». — Для гэтага ёсць усе ўмовы.

Два  пасяўныя агрэгаты, тры плугі і дыска-плуг, два культыватары, дыскатар, агрэгат для ўнясення ўгнаенняў ужо  адрамантавалі ў ААТ «Аграсімвал».  На гэтыя мэты выдаткавалі амаль  30 тысяч рублёў. У майстэрнях працуюць механізатары Анатоль Лабанок, Павел Валасевіч, Уладзімір Мазанік, Улад Лабанок, Пётр Мотуз і Алег Руды, слесар Андрэй Шыкунец.

— Засталося адрамантаваць дыскі для культывацыі, — расказаў дырэктар ААТ «Аграсімвал» Юрый Плешавеня. — Наперадзе падрыхтоўка корманарыхтоўчай тэхнікі.

Спорыцца праца і ў майстэрнях ААТ «Вецярэвічы». Дзве сеялкі АПП-6Д патрабавалі значнага аднаўлення. На рамонт нямецкай сеялкі RABE толькі на запасныя часткі выдаткавалі 6 тысяч рублёў. Яе рамонтам займаўся Мікалай Аліферанка.  Займаюцца рамонтнымі работамі ў гаспадарцы Аляксей Кавалёў, Сяргей Кроцік, Дзмітрый Александровіч.

У ААТ «Шацк» стварылі звяно па рамонце тэхнікі. Механізатары, слесар, зваршчык ужо паспелі  падрыхтаваць да работы два пасяўныя агрэгаты АПП-6Д. Адрамантаваны таксама  дыскі, культыватар чызельны. На рамонт выдаткавана 15 тысяч рублёў. На чарзе  машына для ўнясення арганічных угнаенняў і РУ-6000 для ўнясення мінеральных удабрэнняў.

—  Сёлета мы паспрабавалі арганізаваць рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі,  як толькі закончыліся  палявыя работы ў раёне,  — адзначыў старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар   Каляда. — Вельмі важна, каб рамонты  не расцягваліся надоўга, а механізатары паспелі адпачыць і набрацца сіл. Да таго ж, пры плюсавой тэмпературы, якая ўсё яшчэ трымаецца на вуліцы, і ў майстэрнях лепшыя ўмовы для працы.

— На сённяшні дзень да вясновых палявых работ падрыхтавана 70-80 працэнтаў глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі.   У студзені павінна быць 100-працэнтная гатоўнасць тэхнікі, — падкрэсліў Віктар Міхайлавіч.

— Сур’ёзную ўвагу неабходна ўдзяліць  медыцынскім аглядам, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святлана Карзанава. — У зімовыя месяцы, калі графік работы ў механізатараў не такі напружаны, ёсць магчымасць заняцца здароўем і прайсці медыцынскі агляд.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *