Уладзіслаў Сіротка — вучань года Мінскай вобласці-2019

—  Сіла духа — гэта для спартсмена галоўнае, —лічыць вучань 10 класа Мар’інагорскай СШ №3 Уладзіслаў Сіротка, які нядаўна стаў пераможцам конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019» у намінацыі «Спартыўная дзейнасць». — Каб быць першым, трэба шмат працаваць і шмат у чым сабе адмаўляць, калі гэта перашкаджае ісці да мэты…

Станавіцца пераможцам  і прызёрам спартыўных спаборніцтваў Уладзіславу даводзілася неаднаразова. Але перамагчы ў такім конкурсе, як “Вучань года Мінскай вобласці”, па словах Уладзіслава, яму асаб-ліва прыемна, бо гэта падстава апынуцца ў ліку лепшых з лепшых. І гэта праўда: з 500 вучняў устаноў адукацыі Міншчыны пераможцамі названы былі толькі 25. І Уладзіслаў — у іх ліку.

Спорт у жыцці юнага пухавіччаніна сёння займае вельмі важнае месца.

—  Праўда, сур’ёзна займацца тайскім боксам і ўшу я пачаў толькі тры гады таму, — расказвае Уладзіслаў. — Прыйшоў у секцыю да Паўла Хадачынскага і Дзяніса Зубенкі ў Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж хутчэй выпадкова, за кампанію з сябрамі. А застаўся надоўга. Спадабалася найперш атмасфера трэніровак. А потым многае стала атрымлівацца. За гэтыя тры гады я змог двойчы стаць чэмпіёнам Беларусі па ўшу саньда, а таксама заваяваць некалькі прызавых месцаў на міжнародных спаборніцтвах. У ліпені 2019 года выканаў норму кандыдата ў майстры спорту па ўшу саньда.

Заняткі спортам навучылі школьніка не толькі адчуваць радасць ад перамог, але і дысцыпліне, пунктуальнасці, цярпенню, самааддачы. Паспрабуйце сумяшчаць вучобу (сярэдні бал па прадметах у Уладзіслава, дарэчы, больш за 8 балаў) і трэніроўкі пяць разоў на тыдзень! Спачатку, прызнаецца школьнік, і яму было нялёгка. Потым прывык і, галоўнае, зразумеў, што без працы не бу-дзе вынікаў.

Ці стане спорт асноўным заняткам у жыцці, Уладзі-слаў пакуль не ведае. Упэўнены толькі ў тым, што, якую б прафесію ён ні абраў для сябе ў будучыні, спортам займацца не перастане.

Фіналістам конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2019» былі ўручаны пасведчанні, памятныя статуэткі і знакі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, а таксама салодкія падарункі. Школьнікі здзейснілі таксама пешую экскурсію па горадзе, прынялі ўдзел у выніковай прэс-канферэнцыі ў гімназіі №1 горада Слуцка, дзе змаглі задаць свае пытанні прадстаўнікам вядучых рэспубліканскіх СМІ і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *