Унікальны  музей створаны ў ААТ “Зазерка”

 

Людміла Грабянцова.

Як зберагчы   гісторыю прадпрыемства  і перадаць моладзі  лепшыя яго  традыцыі? Стварыць свой, хоць і невялікі, музей! Так  некалі вырашылі ў калгасеБарацьба”, і задумку здзейснілі. А работнікі ААТЗазерка”, якое зяўляецца правапераемнікам калгасаБарацьба”, збераглі тое, што зрабілі іх папярэднікі. І сёння ў гэтым сельгаспрадпрыемстве ёсць свой  музей, які з упэўненасцю можна назваць унікальным

Ініцыятарам стварэння музея  стаў   старшыня   калгаса     “Барацьба” Іосіф Макарэвіч,  — расказала інспектар па кадрах Людміла Грабянцова, якая шмат гадоў працуе ў гаспадарцы.  — У 1982 годзе пабудавалі новы адміністрацыйны будынак, і тады ў канферэнц-зале вырашылі размясціць стэнды, на якіх адлюстроўвалі гісторыю гаспадаркі ад першых дзён яе існавання. А збіраць матэрыялы пачалі значна раней. Усё, што датычылася гісторыі гаспадаркі, афармлялі ў альбомы,  якія  захоўваліся ў мясцовай бібліятэцы.   Займалася   гэтым  настаўніца    Вольга  Абакунчык. Сёння гэтыя альбомы — частка музейнай экспазіцыі  ААТ  “Зазерка”.

Разам з Людмілай Аляксееўнай мы ўважліва разглядалі і альбомы, і стэнды. Там сапраўды шмат даволі цікавых фактаў пра жыццё калгаса, прычым не толькі вытворчае.

На першым стэндзе інфармацыя  пра тое, як усё пачыналася. Дзень нараджэння  калгаса —   20  сакавіка   1930 года. У спісе першых калгаснікаў 17 чалавек. Першае праўленне складалася з 9 чалавек, а ўзначаліў яго Сяргей Крук. Вядома  нават,  што  назваць   толькі  што створаную калектыўную гаспадарку “Барацьба”  прапанаваў   Фёдар  Сачок.  Калектывізацыя   вёскі  завяршылася ў 1933 годзе.

Перад Вялікай Айчыннай вайной у калгасе пахатнай зямлі было  560  гектараў,  сенакосу  —  каля  200  гектараў,  лесу  —  12 гектараў.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас рос: адбыўся цэлы шэраг узбуйненняў. І паступова ён ператварыўся ў сапраўды буйную гаспадарку. У музеі захоўваецца інфармацыя, якая была апублікавана ў газеце “Пухавіцкія навіны” ў сакавіку 1993 года. На той час гаспадарка мела назву “Калгас-камбінат “Барацьба”. У ёй працавала 881 чалавек. Машынна-трактарны парк складаўся з 80 аўтамашын і 95 трактароў. Можна ўявіць сабе, колькі тэхнікі тых часоў замяняе зараз адзін энерганасычаны трактар!

Прыцягнуў   увагу   і   стэнд,   на   якім   пералічаны ўсе калгаснікі, што атрымалі ўрадавыя ўзнагароды. Спіс вялікі. Хочацца заўважыць, што савецкія часы на высокія ўзнагароды людзям працы былі больш шчодрымі, чым зараз. Была ў гаспадарцы і свая, “унутраная”, узнагарода  —  званне  “Ганаровы  калгаснік”. Стэнд з імёнамі тых, хто быў яе ўдастоены, таксама размешчаны ў музеі. Дарэчы,  гэтую традыцыю,  як  мне паведамілі, пераняло і ААТ “Зазерка”.

У гаспадарцы было нямала традыцый. Людміла Аляксееўна расказала, як у тыя часы, калі яна толькі прыйшла працаваць, пачыналі жніво. Першы выхад камбайнаў  у  поле  —   урачыстая  падзея. Праводзіць камбайнераў з кветкамі прыходзілі ўсе, хто мог хоць ненадоўга адкласці справы. Камбайнеры выстройвалі сваю  тэхніку. На першай машыне абавязкова быў сцяг. Гучалі віншавальныя словы. На адным з фотаздымкаў, размешчаных у музеі, менавіта такі момант і адлюстраваны.

Жыццё калгаса — гэта не толькі вытворчасць, але і справы грамадскія.

Сум, але светлы, выклікае фотаздымак канца 80-х гадоў, на якім адлюстравана святкаванне Дня Перамогі ў Зазерцы. На ім — вялікая калона ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Людміла Аляксееўна расказала, што  на гэтае  свята традыцыйна  збіралася ўся вёска, а шэсце ветэранаў нагадвала парад у райцэнтры.

Пасля таго, як заканчваўся працоў- ны дзень, у работнікаў гаспадаркі было нямала спраў. Напрыклад, рэпетыцыі  хору.

Фотаздымкі  хору  калгаса “Барацьба” 80-90-х  гадоў  мінулага  стагоддзя  мяне  моцна ўразілі: некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх нямала мужчын. Усе маладыя! На жаль, цяпер сярод аматарскіх калектываў раёна такога няма.

Гісторыю з’яўлення калектыва мне таксама расказала Людміла Аляксееўна Грабянцова, бо яна стала сведкай гэтай падзеі.  Ініцыятарам стварэння хору быў старшыня Іосіф Адамавіч Макарэвіч. Усю  моладзь  пачалі  выклікаць   на   праслухоўванне.  Па  словах  Людмілы Аляксееўны, адгаворка, што не ўмею спяваць, не прымалася. Пазіцыя  была  такая:  не  можаш  трапіць ў ноты — будзеш танцаваць!

Знайшлі мастацкага кіраўніка, які прыязджаў са сталіцы. Закупілі музычныя інструменты. Жыццё ў калектыва было настолькі цікавае, што нават тыя, хто не вельмі хацеў быць яго членам, пасля з задавальненнем прыходзілі на рэпетыцыі. А калі некага выключалі з хору, крыўды было…  У пачатку 90-х гадоў хор  калгаса  атрымаў званне “народны”.

Актыўным было і спартыўнае   жыццё. Прычым  работнікі  ўдзельнічалі не толькі ў спаборніцтвах па традыцыйных відах спорту,  дзе паказвалі добрыя  вынікі  (аб  гэтым сведчаць шматлікія граматы). На адным з музейных стэндаў увагу прыцягнулі фота-здымкі з гоначным аўтамабілем, на якім добра чытаецца надпіс “Барацьба”. Аказваецца, гаспадарка валодала гоначным балідам.  Пілотам  быў   Генадзь Ладзесаў — адзін  з  інструктараў  па  спорце.  Другі, Алег  Сачак,  трэніраваў  пажарную  каманду.

Музейныя стэнды на прадпрыемстве —  гэта вялікая каштоўнасць, сведчанне ўважлівых адносін да людзей, якія тут працавалі. І тое, што ў ААТ “Зазерка” захавалі свой невялікі музей, — вялікая справа. Нядаўна ў  канферэнц-зале, дзе ён знаходзіцца, зрабілі рамонт.  Застаецца толькі дапаўняць экспазіцыю фактамі з сучаснасці. ААТ “Зазерка” — у спісе лепшых гаспадарак раёна. Таму новыя стэнды таксама будзе цікава разглядаць.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *