Ураджай нядрэнны — у ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» убіраюць азімы рапс
Аднымі з першых у раёне ў ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» пачалі ўборку азімага рапсу. Гэтую алейную культуру ў сельгасарганізацыі сёлета вырошчвалі на плошчы 350 гектараў.
Убіраць рапс у гаспадарцы пачалі трохі пазней звычайнага: на паспяванне гэтай культуры паўплывала халодная і зацяжная вясна. Але, тым не менш, у першыя дні ліпеня ў поле выехалі тры збожжаўборачныя камбайны, абсталяваныя спецыяльнымі рапсавымі сталамі.
На збожжаўборачных камбайнах КЗС-1218 убіраюць рапс Аляксандр Сіняўскі, Аляксей Яловы і Генадзь Козел. Кожны камбайнер абмалочвае ў дзень па 20-25 гектараў рапсу. А ўсе разам яны спраўляюцца з гэтай работай на плошчы да 70 гектараў.
Адвозяць зерне з поля на трох аўтамашынах вадзіцелі Канстанцін Сіпач, Аляксандр Цымановіч і Мікалай Казлюк. Яны замацаваны за кожным камбайнам.
Ураджайнасць рапсу сёлета складае 16 цэнтнераў з гектара, што крыху больш, чым у мінулым годзе. Пасеялі яго гатункам «імпульс». Элітнае насенне набылі ў эксперыментальнай базе «Зазер’е».
— Перазімаваў рапс выдатна, — лічыць галоўны аграном ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» Дзяніс Адзярыха. — І ў гэтым годзе плануем пасеяць столькі ж гектараў азімага рапсу гібрыдным насеннем, каб атрымаць добры ўраджай.
Частыя дажджы робяць свой уплыў. Збожжа з поля паступае вільготнасцю 25 працэнтаў, таму дапрацоўваюць яго на сучасным зернесушыльным комплексе ЗСК-40Ш. На ім можна перапрацаваць да 180 тон збожжа ў суткі. Даводзяць зерне да 7-9-працэнтнай вільготнасці.
У райаграсэрвісе плануюць атрымаць 400 тон збожжа азімага рапсу і рэалізаваць у лік дзяржзаказу.
Зараз рапс ў сельгасарганізацыі ўбіраюць на апошніх гектарах і рыхтуюцца да ўборкі збожжавых і зернебабовых культур. А іх тут пасеяна 2250 гектараў. Першым пачнуць убіраць азімае жыта, яно ўжо наліваецца на 540 гектарах.
— Мне падабаецца, як выглядае ўраджай на полі, — адзначае Дзяніс Мікалаевіч. — Віды на яго нядрэнныя. Добра перазімавалі азімыя, ды і яравыя культуры паспелі вырасці. Ім хапіла і цяпла, і вільгаці, каб каласы наліліся. Зараз надвор’е для паспявання культур выдатнае.
З пачаткам жніва падключацца да работы яшчэ чатыры камбайны: два КЗС-1218, «Лексіён» і «Дон», а адвозіць збожжа з поля будуць 7 аўтамашын.
Анастасія ГЛЕБАВА.