Узнагароды за працоўныя поспехі
На гэтым тыдні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец прадоўжыла віншаваць лепшых механізатараў гаспадарак па выніках вясенне-палявых работ. Усе ўзнагароды Людміла Васільеўна асабіста ўручыла іх уладальнікам.
У ПСУ “Рудзенскае” быў адзначаны Павел Крывашэеў. Ён — самы малады механізатар у гаспадарцы, займаецца падрыхтоўкай глебы. У сельгасарганізацыі працуе тры гады, вярнуўся сюды пасля службы ў арміі. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла Паўлу жыллё, ён, у сваю чаргу, старанна працуе на рудзенскіх палетках.
Чарговай граматай за паспяховую працу сваю калекцыю папоўніў механізатар Мікалай Ляпёшка з ААТ “Агра-Абярэг”. Мікалай Мікалаевіч вылучыўся на сяўбе. Цяпер ён задзейнічаны на касьбе.
Анатоль Савіч з гэтай жа гаспадаркі цяпер займаецца ўнясеннем мінеральных удабрэнняў. На мехдвор ён заехаў, каб заправіць бак палівам. Тут жа Анатоля Фёдаравіча чакаў прыемны сюрпрыз: грамата ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Нечаканая навіна падбадзёрыла механізатара на новыя працоўныя поспехі.
За добрасумленную працу таксама былі адзначаны Максім Вераскоўскі з ААТ “Ражджэственскае-агра”, Андрэй Палазнік з ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”, Уладзімір Давыдзенка з СУП “Дукора-Агра” і механізатары ААТ “Голацк” Сяргей Валенда і Сяргей Гасюк.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.