«Вайна — гэта гора» — галоўны рэдактар нашай газеты ўспамінае свайго дзеда-ветэрана

Ён не  хацеў успамінаць вайнубо для яго, як і для тысяч іншых ветэранаў, якія  зведалі  ўсе  яе жахі, успаміны  гэтыя  былі балючымі. Часцей за ўсё проста казаў: “Вайнагэта гора”.

Мой   дзед   Уладзімір   Казіміравіч    Пахомчык  быў  чалавекам  сціплым.   Нарадзіўся  ў 1907 годзе і потым шмат гадоў жыў у  невялікай вёсачцы  Вялікія Лукі Пухавіцкага сельсавета.  У сям’і было васьмёра дзяцей. Маці  памерла, калі яму было толькі  7 гадоў. Потым памёр і бацька. З дзяцінства жыццё было нялёгкае.

Жонку,  Зінаіду Мікалаеўну, сустрэў  у  роднай вёсцы. Яны  пажаніліся  ў  1929  годзе. Нарадзіліся дзеці. Дзед працаваў бухгалтарам у мясцовым калгасе. Здавалася, вось  яно  — шчасце…  Яго  парушыла  Вялікая  Айчынная  вайна.

На  фронт  Уладзімір Пахомчык  пайшоў у першыя дні ліпеня 1944 года, калі Беларусь была вызвалена  ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але і ў гады акупацыі гора было нямала. Вёска, затуленая лясамі,  стала партызанскай зонай.  Таму і спалілі яе паліцаі. Жыхары разышліся па навакольных вёсках.

Калі дзед пайшоў на фронт, на руках у бабулі было шасцёра дзяцей.  Яна вярнулася з імі ў Вялікія Лукі. Людзі дапамаглі старэйшаму сыну Мікалаю  пабудаваць зямлянку і лазню. Так  і  жылі:  чакалі перамогу і спадзяваліся, што вернецца гаспадар з вайны жывым.

Ён,  як  і  многія  жыхары  раёна,  якіх  прызвалі ў армію ў 1944 годзе, патрапіў у 194-ю Рэчыцкую Чырвонасцяжную дывізію.  Напачатку служыў у  трафейнай  камандзе, якая  збірала   тэхніку, узбраенне, боепрыпасы, прадукты харчавання, медыкаменты, каштоўнасці, што заставаліся  пасля адступлення нямецкіх войск.

Некалькі гадоў таму ў Расіі быў створаны абагульнены камп’ютарны банк дадзеных пра абаронцаў Айчыны, якія загінулі і прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд  (“АБД Мемарыял”) і  сайт “Памяць народа”. Там ёсць  загад камандзіра 954-га стралковага палка  аб узнагароджанні  медалём “За баявыя заслугі” трафейшчыка трафейнай  каманды  Уладзіміра Пахомчыка. Яго ўзнагародзілі за тое, што ў перыяд наступальных баёў з 14 студзеня  па 20 лютага 1945 года ён  сабраў  шмат  вінтовак  і  4  станкавыя  кулямёты.

Аднак   трафейным   камандам   даво-дзілася збіраць на палях бітваў не толькі зброю, але і хаваць загінуўшых чырвонаармейцаў, калі сіл  пахавальных брыгад  не хапала. Бывала, дзед успамінаў гэтыя горкія дні. Казаў, што вельмі цяжка было маральна: шмат маладых  хлопцаў гінула  ў баях.

Яму пашчасціла застацца жывым.  Дакументы сведчаць, што вясной 1945 года  Уладзімір Пахомчык быў стралком першай стралковай роты 954-га стралковага палка.

Сустрэў   Перамогу ў Усходняй Прусіі.   Яшчэ адзін дакумент аб узнагароджанні медалём  “За адвагу” расказвае нам пра дзеда:  у  загадзе ад  26 чэрвеня  1945  года  адзначана,  што ў перыяд  наступальных баёў на касе Фрыш-Нерунг  5  мая 1945 года  стралок Уладзімір Пахомчык  першым  уварваўся ў  нямецкую траншэю і  знішчыў  некалькі нямецкіх салдат.

А праз чатыры дні вайна скончылася!

Пасля дзед быў яшчэ ўзнагароджаны  медалём “За перамогу над Германіяй у  Вялікай Айчыннай вайне” і ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені.

Мама памятае той дзень, калі яе бацька прыйшоў з вайны. Нехта з суседзяў сказаў, што ён пешшу ідзе  з  вёскі  Пухавічы.  І дзеці з радасцю  пабеглі яму насустрач.

Пасля вайны дзед працаваў у лясніцтве, потым — у калгасе. Нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей. Пабудавалі  новую хату. Калі выраслі дзеці і стварылі свае сем’і , бабуля з дзядулем перасяліліся ў вёску Глушка, бліжэй да дачкі Марыі. З’ехалі суседзі, і  дзедава хата  заставалася адзінай  у Вялікіх Луках. Потым новыя гаспадары  таксама яе прадалі. А куды яна пераехала,  ніхто не ведае.  Аднак радуе той факт, што на яе месцы на дзедавым селішчы  нядаўна  вырашылі пасяліцца новыя людзі.

Думаю, рады гэтаму быў бы і дзед. Ён любіў сваю родную вёску, заўсёды  яе  ўспамінаў. І пакуль былі сілы, часта на веласіпедзе  ехаў у Вялікія Лукі, каб  пахадзіць  па знаёмых  лясах,  паглядзець  на сваю сядзібу.

Да глыбокай старасці ён працаваў на агародзе, браўся за касу.  Пражыў  на  гэтым свеце 95 гадоў. Ніколі нічога не прасіў, не хваліўся  ўзнагародамі. У размове сціпла  казаў:  “Была вайна”…

Вольга   САВАСЦЮК.

«Вайна — гэта гора» — галоўны рэдактар нашай газеты ўспамінае свайго дзеда-ветэрана: 1 комментарий

  • 11.05.2020 в 20:51
    Permalink

    Спасибо огромное вам Ольга Владимировна, благодаря вашей кропотливой работе мы правнуки и праправнуки узнали про нашего деда,то,что никто никогда не слышал!!!!
    Мы будем помнить и гордиться заслугами нашего деда!!!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий для Ольга Отменить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *