Віншавалі асабіста — перадавікі сельскай гаспадаркі атрымалі ўзнагароды з нагоды прафесійнага свята

Дырэктар ААТ «Голацк» Дзмітрый Ленкавец уручае каравай старшыні райвыканкама Віктару Калядзе.

У мінулую нядзелю працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу адзначылі сваё прафесійнае свята. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй было вырашана павіншаваць аграрыяў са святам асабіста.

— Нягледзячы на ўсе складанасці, якія выпалі на гэты год, — у цэлым я задаволены вынікамі работы сельскагаспадарчай галіны, — адзначыў старшыня райвыканкама Віктар Каляда. — Мы атрымалі рэкордны ўраджай збожжа. Валавы збор склаў 115 тысяч тон. Такіх намалотаў раён дасягнуў упершыню за  сваю гісторыю. Сёння мы трымаем высокую планку па вытворчасці малака, мяса. І гэта дзякуючы напружанай працы кіраўнікоў, спецыялістаў, усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Усіх, каго запрасілі раніцай  мінулай  пятніцы ў залу паседжанняў раённага выканаўчага камітэта, сустракаў прыгожы каравай, які  ўвасобіў небывала вялікі ўраджай,  атрыманы ў гэтым годзе аграрыямі нашага рэгіёна.  Яго старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктару Калядзе перадала лідар раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага  комплексу  Анастасія  Арахоўская пад час святочнай сустрэчы, якая адбывалася з нагоды прафесійнага свята тых, хто забяспечвае харчовую бяспеку дзяржавы  —  Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці  АПК.

Анастасія Арахоўская і Віктар Каляда.

Сустрэча ў райвыканкаме стала першай у шэрагу ўрачыстасцей, што прайшлі ў раёне напярэдадні свята. Адкрываючы яе, Віктар Каляда выказаў падзяку ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу за іх працу,  і ўручыў узнагароды. Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь атрымала першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марыя Клімовіч.  Падзякі старшыні райвыканкама быў удастоены шэраг спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

Узнагародамі былі адзначаны і кіраўнікі арганізацый, якія аказалі значную дапамогу сельгаспрадпрыемствам пад час веснавых і восеньскіх палявых работ, уборкі ўраджаю. Так, граматай раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Машхарчпрад” Міхаіл Котаў, дырэктар філіяла “Аўтапарк №19”  ААТ  “Мінаблаўтатранс” Генадзь Сячко, падзяку старшыні райвыканкама атрымаў дырэктар ДЛГУ «Пухавіцкі лясгас» Аляксандр Ракіцкі.

У сваю чаргу ўзнагародамі  Мінскага  абласнога прафсаюза работнікаў АПК была адзначана праца інжынера па ахове працы  Святланы  Карзанавай  і  трактарыста-машыніста  ААТ  “Машхарчпрад” Уладзіміра  Грышука.

Затым старшыня райвыканкама Віктар Каляда наведаў ААТ “Голацк”, “Агра-Абярэг”, “Ражджэственскае-Агра”.

Механізатар ААТ «Голацк» Алег Маркаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч.

Значны ўклад у агульны раённы каравай унеслі аграрыі ААТ “Голацк”. Тут намалацілі 10 тысяч 600 тон зерня. З кожнага гектара атрымалі 43,8 цэнтнера збожжа. Кіраўнік сельгасарганізацыі Дзмітрый Ленкавец сказаў, што ў гэтыя дасягненні ўкладзена праца ўсяго калектыву гаспадаркі. У час сяўбы, догляду за пасевамі, уборкі строга захоўваліся ўсе тэхналагічныя патрабаванні. У глебу была ўнесена неабходная колькасць мінеральных удабрэнняў. Збожжавыя былі пасеяны ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны і якасным насеннем. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я ў час жніва, уборку правялі якасна, захаваўшы ўвесь вырашчаны ўраджай.

Віктар Міхайлавіч павіншаваў лепшых працаўнікоў гаспадаркі з працоўнымі дасягненнямі: на веснавых палявых работах — Сяргея  Нежаўца  і  Аляксандра  Расольку, на жніве  —  Алега  Маркава,  Аляксандра  Расольку, на асенне-палявых работах —  Сяргея Нежаўца і Віталя Гараўскага.  А таксама на нарыхтоўцы кармоў  і  дасягненні  высокіх  паказчыкаў  у  галіне  жывёлагадоўлі. Ён  уручыў  Дзмітрыю  Ленкаўцу ганаровую грамату райвыканкама, а  15-ці   перадавікам  гаспадаркі   — ганаровыя  граматы  райвыканкама  і  грашовыя прэміі.

Дырэктар ААТ “Агра-Абярэг”  Пётр  Казак паведаміў, што сёлетняя вясна стала часам трывожнага чакання. Умовы надвор’я былі такімі, што перакрэслівалі ўсе спадзяванні на добры вынік працы. І ўсё ж атрыманы ўраджай парадаваў працаўнікоў гэтай гаспадаркі. З кожнага гектара намалацілі па 41,4 цэнтнера, а валавы збор склаў 10 тысяч 360 тон. На жніве 7 экіпажаў камбайнераў  намалацілі  звыш  за  тысячу  тон  збожжа.

Аператар машыннага даення ААТ «Агра-Абярэг» Марына Граблюк, тэхнік-асемянатар Наталля Усава, брыгадзір МТФ «Дудзічы-2» Валянціна Баранава.

— Жніво паказала, што неабходна папаўняць камбайнавы парк больш сучаснай тэхнікай, —  падкрэсліў Пётр Васільевіч. — Час патрабуе трымаць руку на пульсе, каб паспяваць за сучаснымі тэхналогіямі ў галіне земляробства. На полі павінна працаваць сучасная высокаэфектыўная тэхніка, і мы гэта добра разумеем.

Сёлетні год для хлебаробаў быў удалым і ў нарыхтоўцы кармоў, асабліва кукурузы. Кукурузнага  сіласу  заклалі  паўтарагадовы запас. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць папоўніць рацыён жывёлы вітаміннымі кармамі. Дарэчы, гаспадарка лідзіруе ў раёне  па  вытворчасці  малака. Аператар машыннага   даення   МТФ   “Грэбень”   Марына Граблюк  за 10  месяцаў  надаіла  9 тысяч 925 кілаграмаў малака.  Гэта лепшы паказчык не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.  А  Вера  Хілько —  7 тысяч  47  кілаграмаў  малака ад каровы.

Вадзіцель ААТ «Агра-Абярэг» Сяргей Бялевіч, трактарысты-машыністы Васіль Брандт і Фёдар Хадыка.

Як паведаміў кіраўнік сельгасарганізацыі, каб дасягнуць такіх вынікаў, а сёння ў гаспадарцы атрымана малака 116 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, напружана працавалі спецыялісты і жывёлаводы на працягу некалькіх гадоў. Тут улічваецца ўсё да дробязяў: не толькі падабраны рацыён кармлення і ўмовы ўтрымання, але і генетычны патэнцыял дойнага статку.

Віктар Каляда ўручыў аграному ААТ “Агра-Абярэг” Раісе Есімчык медаль да 100-годдзя органаў дзяржкіравання. Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — брыгадзіру МТФ “Дудзічы-2” Валянціне Баранавай, падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ганаровую грамату райвыканкама — Пятру Казаку. 13 працаўнікоў вытворчасці гаспадаркі атрымалі ганаровыя граматы райвыканкама і грашовыя прэміі. Сярод  іх  Васіль Брандт, Анатоль Савіч, Сяргей  Бялевіч, Уладзімір Міхаленя, Фёдар Хадыка, Мікалай Ляпёшка і іншыя.

Аграном ААТ «Агра-Абярэг» Раіса Есімчык.

Падзяку Мінскага аблвыканкама ў гэты ж дзень  Віктар Каляда ўручыў  трактарысту-машыністу ААТ “Ражджэственскае-Агра” Сяргею Ніпарка і  грамату райвыканкама — кіраўніку гаспадаркі  Віталю Бакіноўскаму.

Трактарыст-машыніст ААТ «Ражджэственскае-Агра» Сяргей Ніпарка.

Граматы і грашовыя прэміі атрымалі ў гэты ж дзень усе лепшыя працаўнікі гаспадарак раёна, якім іх уручылі работнікі райвыканкама і прафсаюзныя  лідары.

Анастасія    ПЛЯТНЁВА.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *