Вучні Мар’інагорскай гімназіі пазнаёміліся з творамі сучасных беларускіх аўтараў
Ці ведаеце вы, хто такі Вася Лянцяйкін з твораў Генадзя Аўласенкі ці сышчыца Паліна Вендрыч — гераіня пісьменніцы Людмілы Рублеўскай? А што наогул з сучаснай беларускай літаратуры вы змаглі б назваць?..
Калі хто з вучняў і не ведаў пра тое раней, то цяпер зможа сказаць, што ён у тэме. А гэтаму дапамагла першая раённая вучнёўская чытацкая канферэнцыя “Дзверы, замкнёныя на ключы”, што прайшла ў Мар’інагорскай гімназіі.
Удзельнікі канферэнцыі знаёміліся з творамі сучасных беларускіх аўтараў, якія пішуць і для дзяцей, і для дарослых.
Вучні пятых класаў з Мар’інагорскай гімназіі прадставілі казкі Генадзя Аўласенкі. На этапе падрыхтоўкі школьнікі чыталі тэксты, знаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, рыхтавалі пераказы, буктрэйлеры і прэзентацыі сваіх маленькіх даследаванняў. Вучні з Дубраўскай СШ падрыхтавалі выступленне па тэме “Сцежка Карлюкевіча” і прадэманстравалі сцэнку па казках нашага земляка Аляксандра Карлюкевіча.
Сямікласнікі з Рудзенскай сярэдняй школы і Мар’інагорскай гімназіі акунуліся ў свет казак беларускага пісьменніка Сяргея Кавалёва. Перапрацоўваючы рыцарскія раманы, мемуары, п’есы, ён робіць іх прасцей для ўспрымання дзецьмі. Па творах і казках Сяргея Кавалёва ставяць спектаклі ў тэатрах.
Старшакласнікі Мар’інагорскай гімназіі расказалі гісторыю ўзнікнення дэтэктыўнага жанру ў беларускай літаратуры. Пачынальнікам беларускага дэтэктыва з’яўляецца вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Яго аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі” — цудоўны прыклад дэтэктыўнай літаратуры, у якой ёсць тайна, якая патрабуе разгадкі.
Таксама вучні гаварылі пра беларускі дэтэктыў 20 стагоддзя, пра сучасных аўтараў гэтага жанру ў Беларусі, у ліку якіх Людміла Рублеўская і Вольга Тарасевіч. Цікавымі былі пераказы апавядання Міраслава Адамчыка “Забойства на каляды” і буктрэйлеры на творы Яўгена Хвалея “Прынцэса Тусоўкі”, Андрэя Федарэнкі “Афганская шкатулка”.
Арганізатарамі канферэнцыі былі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з Мар’інагорскай гімназіі Валянціна Шалаева, Ірына Рэпенка, Наталля Туміловіч.
Кожны ўдзельнік канферэнцыі атрымаў добры настрой, сертыфікат і маленькі падарунак.
Паліна БАБУК,
вучаніца Мар’інагорскай гімназіі.