Вучні Мар’інагорскай гімназіі пазнаёміліся з творамі сучасных беларускіх аўтараў

Ці ведаеце вы, хто такі Вася Лянцяйкін з твораў Генадзя Аўласенкі ці сышчыца Паліна Вендрыч — гераіня пісьменніцы Людмілы Рублеўскай? А што наогул з сучаснай беларускай літаратуры вы змаглі б назваць?..

 Калі хто з вучняў  і не ведаў пра тое раней, то цяпер зможа сказаць, што ён у тэме. А гэтаму дапамагла першая раённая вучнёўская чытацкая канферэнцыя “Дзверы, замкнёныя на ключы”, што прайшла ў Мар’інагорскай гімназіі.

Удзельнікі канферэнцыі знаёміліся з творамі сучасных беларускіх аўтараў, якія пішуць і для дзяцей, і для дарослых.

Вучні пятых класаў з Мар’інагорскай гімназіі прадставілі казкі Генадзя Аўласенкі. На этапе падрыхтоўкі школьнікі  чыталі тэксты, знаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, рыхтавалі  пераказы, буктрэйлеры і прэзентацыі сваіх маленькіх даследаванняў. Вучні з Дубраўскай СШ  падрыхтавалі выступленне па тэме “Сцежка Карлюкевіча” і прадэманстравалі сцэнку па казках нашага земляка Аляксандра  Карлюкевіча.

Сямікласнікі  з Рудзенскай сярэдняй школы і Мар’інагорскай гімназіі акунуліся ў свет казак беларускага пісьменніка Сяргея Кавалёва. Перапрацоўваючы рыцарскія раманы, мемуары, п’есы, ён робіць іх прасцей для ўспрымання дзецьмі. Па  творах  і казках  Сяргея Кавалёва ставяць спектаклі ў тэатрах.

Старшакласнікі Мар’інагорскай гімназіі расказалі гісторыю ўзнікнення дэтэктыўнага жанру ў беларускай літаратуры. Пачынальнікам беларускага дэтэктыва з’яўляецца вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Яго аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”  —  цудоўны прыклад дэтэктыўнай літаратуры, у якой ёсць тайна, якая патрабуе разгадкі.

Таксама вучні гаварылі пра беларускі дэтэктыў 20 стагоддзя, пра сучасных аўтараў гэтага жанру ў Беларусі, у ліку якіх Людміла Рублеўская і Вольга Тарасевіч. Цікавымі былі пераказы апавядання Міраслава Адамчыка “Забойства на каляды” і буктрэйлеры на творы Яўгена Хвалея  “Прынцэса Тусоўкі”, Андрэя  Федарэнкі “Афганская шкатулка”.

Арганізатарамі канферэнцыі былі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з Мар’інагорскай гімназіі Валянціна Шалаева, Ірына Рэпенка, Наталля Туміловіч.

Кожны ўдзельнік канферэнцыі атрымаў добры настрой, сертыфікат і маленькі падарунак.

Паліна  БАБУК,

вучаніца  Мар’інагорскай гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *