Вугалец адзначыў свята вёскі
Вёска Вугалец Турынскага сельсавета — адна з найстарэйшых у нашым раёне. Сёння тут 34 мясцовыя жыхары, а дамоў 145. Шмат дачнікаў. Прыемна, што вёска не памірае, а ўсё больш разрастаецца. Нават з’явіўся новы завулак Ціхі.
І ёсць за што любіць гэтую вёсачку. Маляўнічыя краявіды: побач рака Волма, з усіх бакоў вёска атулена лесам. Вельмі шмат хто спыняе свой выбар на Вугальцы. Многія гарадскія жыхары знахо-дзяць тут цішыню і прыгажосць. Усе ўчасткі раскуплены. У асноўным набываюць іх мінчане. Не пустуюць і спадчынныя дамы. Напрыклад, у хаце Марыі і Навума Савічаў цяпер гаспадараць тры дачкі. Нягледзячы на тое, што жывуць у Мінску і Мар’інай Горцы, яны з’яўляюцца прыкладам для многіх сельскіх жыхароў: у іх дагледжаная бацькоўская хата, прыгожыя клумбы, у парадку агарод.
У мінулыя выхадныя для жыхароў вёскі Вугалец адбылося свята. Сабраліся на яго не толькі старэйшыя людзі, але і шмат дзетак. Старшыня Турынскага сельвыканкама Святлана Харытончык падзякавала прысутным за тое, што адклаўшы ўсе свае хатнія клопаты, яны знайшлі час і прыйшлі на свята.
Але ж якое свята без віншаванняў? 60 гадоў сумеснага жыцця адзначылі сёлета Марыя і Раман Новік. Іх Святлана Станіславаўна і дырэктар Светлаборскага сельскага Дома культуры Наталля Вальковіч павіншавалі дома. З падарункамі наведалі таксама і самую пажылую жыхарку Вугальца — Надзею Лукашаўну Малышаву, якой у снежні спаўняецца 97 гадоў.
Не забыліся і пра старэйшыну вёскі Марыю Церашковіч, якая шмат гадоў дапамагае аднавяскоўцам вырашаць надзённыя пытанні. Раней яна працавала на малочнатаварнай ферме. Але, нажаль, гады бяруць сваё.
Нягледзячы на шаноўны ўзрост, прыйшла на свята малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў Сафія Аляксандраўна Вераскоўская. І нават з суседняй вёскі Светлы Бор многія не паленаваліся і прыехалі на свята.
Вакальны калектыў “Светлаборачка” Светлаборскага сельскага Дома культуры падрыхтаваў цудоўную канцэртную праграму “Напеў зямлі маёй”. Было прыемна, што нават тыя, хто ў гэты дзень выпадкова трапіў у вёску, спыняліся і з задавальненнем глядзелі канцэрт. Пасля людзі не спяшаліся разыходзіцца па хатах, дзяліліся навінамі, абмяркоўвалі, што паспела на градах, як рыхтуюцца да зімы…
Такія святы вёскі — цудоўная магчымасць падарыць людзям добры настрой, падзякаваць за парадак на сядзібе, на вясковай вуліцы і проста сустрэцца з землякамі ў душэўнай атмасферы.
Анастасія ГЛЕБАВА.