Вярнуць у парк атракцыёны і ўсталяваць новы арт-аб’ект — што прапануюць пухавіччане ў грамадскую прыёмную

Працягвае працу грамадская прыёмная, куды жыхары раёна могуць звярнуцца са сваімі пытаннямі і прапановамі. Выслухаць  і дапамагчы вырашыць праблемы гатовы  прадстаўнікі  грамадскіх арганізацый, кіраўнікі  розных устаноў.

За час працы грамадскай прыёмнай туды паступіла шмат пытанняў. Напрыклад, адна з жыхарак Пухавіцкага сельсавета паскардзілася, што фермер узараў дарогу паміж населенымі пунктамі Пястун – Падсобнае і папрасіла аднавіць праезд. Было ўзнята пытанне і чыгуначнага пераезду, які звязвае вуліцы Чапаева, Андрэеўскую і Кастрычніцкую і  з’яўляецца даўняй   праблемай райцэнтра.

Шмат цікавых заўваг і  прапаноў утрымлівалася ў звароце, які на электронную пошту грамадскай прыёмнай даслаў жыхар Мар’інай Горкі Ягор Крэтаў:  аўтар разважаў  наконт таго, як можна развіваць Мар’іну Горку і ўвесь рэгіён. Ён звярнуў увагу і на неабходнасць стварэння новых працоўных месцаў, і на падтрымку так званай маятнікавай міграцыі, калі людзі жывуць у адным месцы, а працуюць у іншым. На яго думку, ёсць неабходнасць звярнуць увагу на паляпшэнне транспартнай інфраструктуры:  дабівацца большай колькасці рэйсаў  да райцэнтра цягнікоў бізнес-класу, адрамантаваць пакрыццё трасы М5.

Аўтар лічыць, што ў Мар’інай Горцы патрэбна яшчэ адна бальніца. А вось спартыўная інфраструктура ў горадзе развіваецца гарманічна. Аднак і тут ёсць пажаданні. Аўтар піша, што хочацца атрымаць невялікі спартыўны аб’ект на вуліцы  Усходняя: міні-футбольную альбо баскетбольную пляцоўку,  варкаўт-пляцоўку. У названым мікрараёне пражывае шмат маладых сем’яў з дзецьмі. “Разраўняць кавалак зямлі і паставіць футбольныя вароты для горада не павінна быць вельмі затратнай справай, улічваючы, што жыхары квартала гатовы  аказаць фінансавую падтрымку  і ўжо звярталіся ў райвыканкам”, —   піша аўтар.

Важнай праблемай, на думку аўтара ліста, з’яўляецца нагрузка падчас дачнага перыяду  на супрацоўнікаў розных служб: медыкаў, выратавальнікаў,  супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку і іншых. Вясной і летам насельніцтва раёна значна ўзрастае: яго  папаўняюць дачнікі. Аднак колькасць супрацоўнікаў  служб не мяняецца. Ад гэтага пагаршаецца якасць абслугоўвання.

Яшчэ  рад прапаноў: вярнуць у парк імя Любы Гайдучонак атракцыёны, правесці рэканструкцыю пешаходнага мосціка над Цітаўкай (на так званым млыне), усталяваць у горадзе арт-аб’ект “Я люблю Мар’іну Горку”.

У звароце яшчэ нямала цікавых прапаноў. А заканчвае свой ліст Ягор Крэтаў наступнымі словамі: “Выказваю падзяку  людзям,  якія  паляпшаюць жыццё  ў горадзе Мар’іна Горка. За  апошнія  тры гады  сапраўды  многае  памянялася ў лепшы бок.”

Грамадская  прыёмная  працягне  сваю  працу   да   28 лістапада.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *