Выдавецтва “Беларусь” адкрыла кніжную серыю “Беларуская класіка на рускай мове”
Выдавецтва адкрыла кніжную серыю “Беларуская класіка на рускай мове”. І адразу ў ёй пабачылі свет новыя пераклады прозы легендарнага беларускага пісьменніка. Такім чынам айчынныя кнігавыдаўцы распачалі падрыхтоўку да 90-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, якое будзе адзначацца ў 2020 годзе.
Перакладчыкам твораў, што склалі зборнік аповесцяў “Ладдзя роспачы”, як і рамана “Каласы пад сярпом тваім”, выступіў кандыдат філалагічных навук Пятро Жалняровіч, які працуе на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вось што ён піша ў пасляслоўі да перакладу рамана: “Выдадзены на беларускай мове ў 1968 годзе, раман да сапраўднага часу стаў хрэстаматыйным творам, які палюбілі некалькі пакаленняў удзячных чытачоў. Пераклад рамана зроблены па новым зборы твораў Уладзіміра Караткевіча. У тэкст вернуты выключаныя ў прыжыццёвых выданнях фрагменты, так што твор у нечым успрымаецца па-новаму. У любым выпадку чытанне гэтага рамана — зусім нялёгкая вандроўка па старонках дзеля адпачынку, складаная інтэлектуальная праца і суразвагі з аўтарам. Мяркуецца, у многіх выпадках ён, дзякуючы свайму таленту, робіць чытача сваім аднадумцам”.
Яшчэ раней у адным з мінскіх выдавецтваў пабачыў свет і перакладзены Пятром Жалняровічам раман Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Юбілей класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (у лістападзе 2020 года — 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка) становіцца добрай нагодай для перавыдання твораў легендарнага празаіка, паэта, драматурга, публіцыста, перакладчыка. Завяршаецца выданне 25-томнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Гэтым творчым праектам доўгія гады апякуецца выдавецтва “Мастацкая літаратура”. А ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” рыхтуецца да друку персанальная энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”, дзе пад адной вокладкай будуць сабраны сотні артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці класіка.
Алесь Карлюкевіч.