Выпускнікі 2001 года: «Наша класная класная»

9 «А» клас (здымак 1999 года).

Вечар сустрэчы выпускнікоў — мілая для сэрца дата. У гэты дзень выпускнікі школ наведваюць настаўнікаў і ўспамінаюць школьныя гады. І наш клас не выключэнне. Мы 31 год таму ўвайшлі ў школу ўпершыню. Гэта зараз мы — выпускнікі 11 «А» класа 2001 года выпуску, а тады — першакласнікі 1 «А», 1 «Б» і 1 «В» класаў сярэдняй школы №2 горада Мар’іна Горка. Усе добра памятаем адзін з самых галоўных дзён у жыцці — 1 верасня 1990 года. Маленькія, прыгожыя, з вялікімі букетамі кветак, мы стаялі побач са сваімі першымі настаўнікамі: Аленай Іванаўнай Траццяковай (1«А»),  Валянцінай Фёдараўнай Андрэевай (1 «Б») і Тамарай Андрэеўнай   Гулякевіч (1 «В»).

Мы сядзелі за аднолькавымі партамі і вучыліся па аднолькавых падручніках, углядваліся ў літары на класнай дошцы і з першых самастойна напісаных  літар складалі самыя галоўныя словы: “Маці, мір, Радзіма”.

У 1995 годзе нашы першыя настаўнікі перадалі нас у рукі класных кіраўнікоў пятых класаў:  Ганны Пятроўны Скавыш (5 «А»), Алены Вячаславаўны Ажгірэй  (5 «Б») і Таццяны Канстанцінаўны  Баешка (5 «В»). Ужо далей гэтыя цудоўныя настаўніцы працягвалі ўкладаць у нас асновы ведаў, выхоўвалі і любілі нас.

 

Кажуць, што школа — гэта як другі дом, а класны кіраўнік  — як другая маці. Нам пашанцавала: у нашым жыцці побач з намі было некалькі цудоўных, пяшчотных  матуль. Асабліва хацелася б адзначыць класнага кіраўніка нашага класа — Ганну Пятроўну Скавыш, настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Цяжка ўявіць, колькі працы, душэўнасці, сіл, трываласці яна ўкладала ў кожнага, каб зрабіць з нас паспяховых і шчаслівых людзей. Нялёгкая праца — вучыць дзяцей…

Ганна Скавыш.

Ганна Пятроўна —  добрая, адказная і спагадлівая,  і сапраўдны прафесіянал. За свае 34 гады працы ў нашай школе яна мае шмат ганаровых грамат не толькі ад упраўлення па адукацыі Пухавіцкага райвыканкама, але і граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама. Многія вучні  Ганны Пятроўны займалі і займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове.

Ганна Пятроўна не проста вучыла нас беларускай мове і літаратуры — яна рабіла нашу вучобу цікавай. Паходы, экскурсіі, класныя мерапрыемствы, школьныя конкурсы  — гэта было часткай працэсу.  Калі мы на ўроку вывучалі, напрыклад, творчасць Адама Міцкевіча, чыталі яго творы, Ганна Пятроўна арганізоўвала нам паездку ў Навагрудак — на радзіму гэтага пісьменніка. Праходзілі п’есу Янкі Купалы “Паўлінка” — ехалі глядзець яе ў тэатр. Мы пабывалі на радзіме Якуба Коласа, Янкі Купалы. Дзякуючы нашай класнай матулі  мы наведалі шмат цікавых і прыгожых мясцін Беларусі.

Мы, выпускнікі 11 «А» класа 2001 года выпуску, усе розныя і непадобныя адзін да аднаго, але наша класная матуля мела і мае сёння ключык да кожнага з нас. Наш клас быў  і  застаўся дружны, і гэта дзякуючы менавіта ёй.

Ганна Пятроўна, нам вельмі пашанцавала, што  вы былі нашым класным кіраўніком і 7 гадоў правялі побач з намі! Вялікі дзякуй вам за вашу дабрыню, цярпенне, за тое, што любілі і любіце нас такімі, якія мы ёсць! Мы вас таксама вельмі  любім!

Выпускнікі  11 «А»  класа 2001 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *