Выстава «Дарогамі выпрабаванняў і перамог» прайшла ў мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея
Выстава «Дарогамі выпрабаванняў і перамог», прысвечаная 78-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прайшла ў мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея. У экспазіцыі былі прадстаўлены карціны выдатных мастакоў, нашых землякоў, кожнага з якіх тэма вайны закранула асабіста.
Гэта палотны Васіля Барташэвіча і Генрыха Бржазоўскага. Усяго на сённяшні дзень у фондах галерэі захоўваецца больш за 130 іх работ. Увагі заслугоўвае раздзел выстаўкі «Вялікая Айчынная вайна. Фотадакументы», у якой знаходзяцца фотахронікі ваенных карэспандэнтаў, якія расказваюць пра падзеі на франтах і ў тыле. Акрамя таго, у рамках экспазіцыі прадстаўлена калекцыя мемуарнай і мастацкай літаратуры аб Вялікай Айчыннай вайне.
Запрошанымі гасцямі на выставе сталі Іван Андрэевіч Фонаў, які ў гады вайны быў працаўніком тылу, і ўдзельнік вайны ў Афганістане Юрый Паўлавіч Шапавалаў.
У час адкрыцця выстаўкі старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Прановіч пазнаёміў экскурсантаў з гісторыяй Пухавіцкага раёна ў гады акупацыі, расказаў пра воінаў-землякоў, якія змагаліся на франтах, у падполлі, у партызанскіх брыгадах за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Аляксандр Аляксандравіч нагадаў прысутным, як важна захоўваць гістарычную памяць і берагчы нашу родную краіну.
Алеся СМІРНОВА.