Выстава маладой мастачкі зараз працуе ў мастацкай галерэі Мар’інай Горкі
Жанчыны і птушкі… Яны галоўныя гераіні на палотнах мастачкі Юліі Нявейка, якія прадстаўлены на выставе, што зараз праходзіць у мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Карціны маладой мастачкі прыцягнуць да сябе і тых, хто аддае перавагу рэалістычным сюжэтам, і аматараў рамантычных гісторый, і містычна настроеных асоб.
Вобразы жанчын на палотнах рэалістычныя. Але з арэолам містыкі, які на адных карцінах ствараюць руны, на другіх — пейзажы, і яшчэ птушкі. Апошнія — вобразы сімвалічныя. Сава — сімвал мудрасці і пазнання. Ластаўка ўвасабляе вясну, веру, поспех, надзею, любоў. Воран звязаны са стратай, вайной, смерцю. Усе гэтыя птушкі на карцінах Юліі Нявейка звязаны з жанчынамі. Чым? Мабыць, жыццём…
На адным з палоцен на далоні маладой дзяўчыны прыселі дзве ластаўкі. І гэта гісторыя пра юнацтва, у якім заўсёды жыве надзея на каханне. А на другой карціне тры жанчыны за калаўротамі. Тут чытаецца вядомы сюжэт са старажытнагрэчаскай міфалогіі пра мойраў — багіняў, якія плятуць ніткі людскіх лёсаў. Самая маладая з іх распачынае гэтую складаную працу, дае на-дзею на шчаслівы лёс. Жанчына сярэдняга ўзросту размяркоўвае па жыцці радасці і нягоды. А самая сталая вырашае, калі нітцы абарвацца. І побач, як сімвал страт, — воран.
Многія з прадстаўленых на выставе жаночых партрэтаў у працэсе знаёмства з імі «пераўвасабляюцца»: спачатку бачыш сучасніц, але паступова, па меры паглыблення ў карціну, іх успрыняцце пачынае мяняцца, і, здаецца, што яны пераўтвараюцца ў гераінь казак, былін, міфаў. Відавочна, што мастачка захапляецца ўсім гэтым.
Юлія прызнаецца, што больш за ўсё любіць пісаць партрэты. Для кожнага з іх знаходзіць свой, непаўторны вобраз. Упадабанай тэмай для жывапісных работ з’яўляюцца міфалагічныя сюжэты, фантазійныя вобразы.
Мастачка працуе пераважна ў тэхніцы алейнага жывапісу. Любіць пісаць пастэллю. Акварэльныя алоўкі, пяро і туш — таксама не абдзелены яе ўвагай.
З біяграфіі
Юлія Нявейка нарадзілася ў горадзе Смалявічы ў 1986 годзе. У 2008 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. У 2009 годзе атрымала ступень магістра педагагічных навук у галіне выяўленчага мастацтва. З 2011 года прымае ўдзел у разнастайных выставах, конкурсах, майстар-класах, праектах. Таксама Юлія займаецца выкладчыцкай дзейнасцю, яна заснавальнік і педагог творчай майстэрні «Карандаши» ў горадзе Смалявічы. З 2019 года — сябра Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Творчая садружнасць «Еўразійскі мастацкі саюз» (Масква). З 2020 года — старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Еўразійская мастацкая садружнасць».
Наталля ПАРХОМЧЫК.