Вызначаны пераможцы раённага агляду-конкурсу сярод сельгасарганізацый Пухавіцкага раёна
Падведзены вынікі раённага агляду—конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна—абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна—трактарных паркаў да палявых работ 2019 года. Спецыяльная камісія з ліку прадстаўнікоў райсельгасхарчу вызначыла пераможцаў. У тройцы лепшых — ААТ “Голацк”, СУП “Дукора—Агра” і ААТ “Агра—Абярэг”.
— Мы ацэньвалі гаспадаркі па 27 крытэрыях. Сярод іх — пастаноўка тэхнікі на захоўванне, інфраструктура машынных двароў, куды ўваходзіць і пляцоўка для захоў-вання тэхнікі, і санітарна-бытавыя ўмовы для людзей. Звярталі ўвагу таксама на чысціню і парадак, — расказвае начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. — У параўнанні з мінулым годам усе тры гаспадаркі папрацавалі лепш. Нядаўна СУП “Дукора-Агра” наведала абласная мабільная група. Машынны двор гаспадаркі і работа інжынернай службы былі адзначаны з лепшага боку. Ёсць патэнцыял і ў ААТ “Агра-Абярэг”.
Яшчэ больш станоўчых перамен у пераможцы раённага агляду-конкурсу — ААТ “Голацк”. У будынку мехмайстэрні з’явіліся шклопакеты, змянілася асвятленне па ўсёй тэрыторыі машыннага двара, палепшаны санітарна-бытавыя ўмовы. Добра папрацавалі і над пастаноўкай тэхнікі на захоўванне.
— Сёлета ўмовы надвор’я дазволілі нам раней завяршыць палявыя работы. У нас было больш часу на тое, каб папрацаваць з тэхнікай. І мы паспяхова выкарысталі гэта, — расказвае галоўны інжынер ААТ “Голацк” Аляксандр Лешчанка. — Уся тэхніка была пафарбавана. Безумоўна, патрацілі нямала сродкаў, але вынік працы відавочны.
Перамога ў аглядзе-конкурсе — вынік працы усёй каманды гаспадаркі. Камбайны на захоўванне ставілі механізатары, якія на іх працавалі. Астатнімі машынамі і агрэгатамі ў асноўным займаліся слесары.
Гэтымі днямі на парадку дня ў інжынернай службы ААТ “Голацк” — рамонт тэхнікі. Галоўны акцэнт зрабілі на рамонт агрэгатаў, якія патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Цяпер вядзецца рамонт трох сеялак.
У гэтым годзе ў гаспадарцы абнавіўся машынна-трактарны парк. Яго папоўнілі два магутныя трактары “Беларус-3522” (адзін набылі ў лізінг, другі — за свае сродкі). Аблвыканкам выдзеліў сельгасарганізацыі кормаўборачны камбайн КВК-800 і зернеўборачны камбайн КЗС-1218. Дарэчы, ААТ “Голацк” будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе агляду-конкурсу.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.