Харавое аддзяленне Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў адзначыла сваё 30-годдзе
Харавое аддзяленне Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў адзначыла сваё 30-годдзе. Урачысты канцэрт з гэтай нагоды адбыўся 21 снежня. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі педагогі, якія на працягу многіх гадоў працавалі ва ўстанове адукацыі, былыя навучэнцы, бацькі сённяшніх вучняў. У зале быў поўны аншлаг.
Адкрываў канцэрт узорны дзіцячы хор “Мара”. Дружнымі апладысментамі зала сустракала яго мастацкага кіраўніка Іну Собаль і канцэртмайстра Наталлю Дзмітрук, дзякуючы якім калектыў дасягнуў значных поспехаў і на рэспубліканскім, і на міжнародным узроўнях.
Трэба адзначыць, што “Мара” — адзіны акадэмічны дзіцячы хор у нашым раёне. Менавіта ён з’яўляецца прыкладам выканальніцкага майстэрства для многіх вакалістаў. На гэтым засяродзіла ўвагу падчас віншаванняў дырэктар Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Гурская. За добрасумленную працу і творчыя поспехі яна ўручыла ўзнагароды Іне Собаль і Наталлі Дзмітрук, лепшым удзельнікам калектыву.
Са словамі віншавання да педагогаў і вучняў харавога аддзялення звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Касмольская. У якасці падарунка ад раённага выканаўчага камітэта яна ўручыла сертыфікат для набыцця акустычнай сістэмы.
Падчас мерапрыемства шмат цёплых слоў прагучала ў адрас стваральніка і першага кіраўніка харавога аддзялення Людмілы Ажгірэй. Усе, хто ўспамінаў пра першыя гады яго існавання, падкрэслівалі, што дзякуючы менавіта яе ўпэўненасці ў тым, што для школы мастацтваў гэта быў правільны накірунак у развіцці, мы сёння можам весці размову пра значныя поспехі творчых калектываў аддзялення.
Дарэчы, сярод сённяшніх педагогаў школы мастацтваў шмат былых вучняў Людмілы Ажгірэй. І ад іх яна пачула нямала цёплых слоў, як і цяперашні кіраўнік харавога аддзялення Іна Собаль. Падчас канцэрта Іне Іванаўне не раз прыходзілася вяртацца на сцэну. З віншаваннямі ў адрас школы і яе асабісты адрас звярнуліся выпускнікі Марыя Багель, Лізавета Зубарык, Віялета Шастакова.
Шчырыя словы педагогі пачулі ад бацькоў. Алена Кастаньян падзякавала педагогам школы за тое, што верылі ў талент яе дачкі нават болей, чым яна сама. Сёстры Наталля Лабанок і Алена Паплыка ўспомнілі, як амаль трыццаць гадоў таму самі прыйшлі вучыцца ў школу мастацтваў. А зараз тут вучацца іх дзеці. І яны з поўным даверам уручылі педагогам іх таленты, душы і сэрцы, бо ўсё, што адбываецца тут, — толькі на карысць.
А ад сваіх калег і навучэнцаў школы мастацтваў юбіляры атрымалі музычныя падарункі. У канцэртнай праграме прымалі ўдзел калектывы педагогаў: вакальны ансамбль “Глорыя” і народны ансамбль народных інструментаў “Крыніца”. А таксама на сцэну выйшлі юныя выканаўцы: ансамбль “Лаўда”, абразцовы харэаграфічны ансамбль “Дубравушка”, вучні тэатральнага і харавога аддзялення. “Брава!” — усе яны чулі ад гасцей свята.
Наталля ВАСІЛЬЕВА.