Як выратаваць ката

Не кожны кот можа самастойна спусціцца з дрэва

Изображение носит иллюстративный характер

Нашы выратавальнікі,  выслухаўшы просьбу чуллівых грама-дзян зняць з дрэва коціка, як правіла,  задаюць пытанне, ці бачылі  вы хоць раз на дрэве такую жываціну мёртвай? Пытаючыся аб гэтым, яны як бы напамінаюць аб распаўсюджанай думцы:  коцікі  могуць на любое дрэва як залезці, так і злезці з яго без праблем. Чаго тады людзей ад работы адрываць? Але, як паказаў выпадак, пра які мне расказала  жыхарка Мар’інай Горкі  Наталля Міхасёва,  пасыл гэты не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Зусім нядаўна Наталле і яе калезе з  мастацкай галерэі  раённага краязнаўчага музея прыйшлося праявіць сапраўдную кемлівасць, каб выратаваць патрапіўшага ў непрыемную сітуацыю ката.

Чаму кот аблюбаваў высачэзную ліпу ў скверы за раённым цэнтрам культуры, аднаму яму  вядома.  Ня-зручная гэта ліпа нават для спрытнай жываціны: галіны вельмі высока над зямлёй.  Але паляўнічы азарт альбо нешта іншае прымусіла ката забрацца на дрэва. А  злезці ён не змог. Вось і сядзеў на дрэве  і мяўкаў, клікаў на дапамогу. Дзень клікаў, другі, трэці… Перажыў на гэтым дрэве і моцны  вецер, і  лівень.

Супрацоўнікі мастацкай галерэі ўсе дні назіралі за жывацінай. Яны і выратавальнікам званілі літаральна ў першы ж дзень, як пачулі жаласны піск. Але атрымалі стандартны адказ. Як расказала Наталля  Міхасёва, была  надзея, што знойдуцца гаспадары ката (побач прыватны сектар) і дапамогуць яму спусціцца ўніз. Але ніхто з тых,  хто жыве побач, лесвіцу не падставіў.

На трэці дзень  музейныя работнікі  вырашылі арганізаваць выратавальную экспедыцыю.  Для гэтага змайстравалі “каталоўку”: на доўгай палцы замацавалі  скрынку, у якую насыпалі сухі корм для дамашніх жывёл, палічыўшы, што за столькі дзён кот згаладаўся і абавязкова пачуе блізкую ежу. Разлік аказаўся верным: кот літаральна скаціўся ў каробку. Так яго з дрэва і знялі. Але падзякі ад яго не атрымалі: кот сваіх выратавальнікаў яшчэ і падрапаў.  Але яны не вельмі  пакрыўдзіліся.

Хачу адзначыць, што сваю “каталоўку” супрацоўнікі мастацкай галерэі захавалі на ўсялякі выпадак. І гатовы падзяліцца  сваім  “вынаходніцтвам” з усімі, хто неабыякава  ставіцца да лёсу жывёл, бо час ад часу  коцікі, забраўшыся на дрэва, чакаюць дапамогі  людзей.  А людзям не абавязкова турбаваць выратавальнікаў: можна зрабіць вельмі простую канструкцыю, каб  выратаваць  ката  самастойна.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *