Як жыве вушастая сямейка Сафіі і Мікалая Сямейкі з аграгарадка Дукора?

Узаемаадносіны з трусамі ў Сафіі і Мікалая Сямейкі з аграгарадка Дукора пачаліся 10 гадоў таму. А было так: суседка прынесла труску і прапанавала бартэр: «Я табе вось гэты пухнаты цуд, а ты мне — пеўнічка». І з таго часу трусы на падворку сям’і Сямейкі атрымалі пастаянную прапіску. Сафія Якаўлеўна рада, што так адбылося. Гэта дзіўныя стварэнні, якія як лекі дапамагаюць зняць стому, а, бывае,і стрэс.

Мікалай і Сафія Сямейка са сваімі гадаванцамі.

У сярэдзіне 80-х сям’я Сафіі і Мікалая Сямейкі пераехала ў аграгарадок Дукора з Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. Сафія Якаўлеўна пайшла працаваць на ферму «Харавічы» памочнікам загадчыцы, а Мікалай Пятровіч уладкаваўся ў гаспадарку трактарыстам-машыністам. Ад сельгаспрадпрыемства маладой сям’і далі дом на вуліцы Кастрычніцкай. Яны пачалі абжывацца на новым месцы. Пасадзілі агарод, абзавяліся вялікай гаспадаркай. Дачка і сын пайшлі ў школу. І жыццё на новай зямлі паціху пачало наладжвацца, а душа — прырастаць да гэтых мясцін.

— Мы заўсёды трымалі дзвюх кароў, свінак, курачак, — расказвае Сафія Якаўлеўна. — Прывыклі шмат працаваць, каб мець усё сваё: малако, сала, агародніну і садавіну. І гадаваць трусоў мне спадабалася. За гэтыя гады я вельмі добра пазнала іх нораў. Яны вельмі цікавыя. Кормім іх камбікормам або збожжам, сенам. Любяць капусту, моркву. Для іх мы спецыяльна вырошчваем і кармавыя буракі. Кормім ў адзін і той жа час, і яны добра арыентуюцца ў часе сутак. У іх як быццам унутраны гадзіннік цікае. Бывае, зайду сярод дня ў хляўчук, яны ўстрапянуцца, натапырацца. Быццам пытаюцца: «Што такое? Чаму не ў час?». Цяпер у нас 10 трусак, а раней і 20 трымалі.

Трусы ў сям’і Сямейкі — вялікія гурманы. Любяць есці лісце хрэна, календулу: цярэбяць кветкі і сцёблы без астатку. Для іх гэта любімы ласунак. А яшчэ, як ні дзіўна, — палын. Гаспадыня для іх спецыяльна нарыхтоўвае яго на зіму. Увосень песціць вяргінямі.

— Клапаціцца аб трусах не так складана, як многія лічаць, — кажа Сафія Якаўлеўна. — Толькі калі хварэюць, дастаўляюць праблемы. А якія яны прыгожыя! Белыя, чорныя, рыжыя, шэрыя, дымчатыя… Памятаю, калі мы паставілі клеткі ў хляве на падлогу, трусы выкапалі такія лабірынты пад зямлёй, што мы аж дзіву даваліся. Калі праз час пачалі іх разбіраць, знаходзілі пад зямлёю сапраўдныя пакоі. А яшчэ была пацешная гісторыя, калі мы вынеслі ўвосень клетку на вуліцу, і трусы ўцяклі. Толькі зрэдку вярталіся падсілкавацца. Прыйшла зіма, і мы ўжо вырашылі, што трусы прапалі. У той год выпала шмат снегу, былі вялікія гурбы. Гляджу аднойчы: скачуць па снезе дамоў прама да хлява. Вярнуліся вінавата ў свае клеткі.

Вядома, даглядаць за трусамі — гэта штодзённая праца, але эмоцыі, якія дораць гэтыя пухнатыя стварэнні, вартыя таго.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *