З канцэртамі — да хлебаробаў

Жніво  —  гарачая пара і для артыстаў-аматараў. Творчыя калектывы, якія працуюць пры сельскіх дамах культуры, сёння можна сустрэць і на палетках, і на  зернесушыльных комплексах. Каб падтрымаць хлебаробаў, у якіх зараз напружаны час, яны падрыхтавалі  канцэртныя праграмы. 

Удзельнікі ансамбля «Весялуха» Голацкага сельскага Дома культуры (на здымку) выступілі перад камбайнерамі ААТ «Голацк», наведалі  і зернесушыльны комплекс, дзе таксама адбыўся канцэрт.

Ансамбль народнай песні «Вярбічанька» Дрычынскага  сельскага Дома культуры выступіў з канцэртнай праграмай  на зернесушыльным комплексе СВФ «Дрычын».  Акрамя песень, прысвечаных хлебу і роднаму краю,  у адрас хлебаробаў прагучалі добрыя пажаданні. Усім работнікам комплексу былі ўручаны кветкі.

Спецыяльна для хлебаробаў падрыхтавалі святочную праграму і аматарскія калектывы Зазерскага СДК.  Палі  ААТ «Зазерка» сталі канцэртнай пляцоўкай для ансамбля «Жытніца» і дзіцячых творчых калектываў, створаных  пры Доме культуры. Асаблівыя віншаванні  артысты-аматары падрыхтавалі для лідараў жніва ў гаспадарцы: камбайнера Іона Панфіла і вадзіцеляў Аляксандра  Холада і Міхаіла Навіцкага. А дырэктар Зазерскага СДК Ларыса Пятровіч спякла для хлебаробаў каравай з зерня новага ўраджаю.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *