З кожным днём у раёне растуць рады тысячнікаў
З кожным днём у раёне павялічваецца колькасць убраных гектараў. Засекі гаспадарак папаўняюцца тонамі збожжа — папаўняецца і каманда тысячнікаў раёна. На раніцу пятніцы яна налічвала дваццаць сем чалавек.
Новыя сельгасарганізацыі — новыя імёны. Лідараў жніва віншуюць старшыня райвыканкама Віктар Каляда, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Марыя Клімовіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская. Да іх далучаюцца старшыні прафсаюзных пярвічак і кіраўнікі гаспадарак.
Спіс перадавікоў на гэтым тыдні папоўнілі ўсе тры экіпажы сельсгасфіліяла “Светлая ніва”. Першымі запаветную тысячу намалацілі Валерый Шклянка з памочнікам Юрыем Шэлегам, якія камандзіраваны ў гаспадарку з УП “Жылцепласэрвіс” КГ.
Яшчэ адны тысячнікі ў гаспадарцы — Аляксандр Гляцэвіч і Дзмітрый Зязюльчык, Аляксандр Зых і Мікалай Каток.
На палях ПСУ “Рудзенскае” ўраджай убірае сямейны экіпаж. Старшаму камбайнеру Артуру Вашкевічу дапамагае жонка Інэса.
—Разам мы ўжо дваццаць гадоў. Не ўпершыню Інэса са мной на жніве, — расказвае Артур Мікалаевіч. Ён працуе вадзіцелем у сферы камунальнай гаспадаркі, аднак камбайнерскага вопыту яму не займаць. Каля трыццаці гадоў працуе на хлебнай ніве.
Тысячнікамі на гэтым тыдні сталі таксама Аляксандр Юдзін і Ігар Жаркевіч з ПСУ “Рудзенскае”, Андрэй Палазнік з ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”, Уладзімір Асіпук з ААТ “Агра-Абярэг”, Іон Панфіл з ААТ “Зазерка”, Віктар Мялаў і Дзмітрый Хвастоў з СУП “Дукора-Агра”. Работнікі ААТ “Машхарчпрад” Васіль Гулякевіч і Валянцін Радкевіч дапамагаюць дукорскім хлебаробам убіраць ураджай і таксама сталі тысячнікамі. Тысячу тон збожжа намалаціў і малады камбайнер Яўген Шарамет з сельгасфіліяла “Чырвоны май”.
Большасць гэтых камбайнераў у хуткім часе накіруюцца на дапамогу іншым гаспадаркам, а, значыць, у іх ёсць шанец намалаціць другую тысячу тон збожжа.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.